Нарадзіўся Іван Луцэвіч у 1882 годзе ў сям’і абяднелага дробнага шляхціца ў вёсцы Вязынка. Бацька арэндаваў зямлю ў памешчыка й сам працаваў на зямлі. Янка павінен быў таксама дапамагаць бацьку на гаспадарцы. Але род Луцэвічаў вядомы з ХVII стагодзьдзя. Я памятаю, што ў школе нас вучылі, што Янка Купала нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Тым самым згодна з ідэалёгіяй хавалі ягонае не пралетарска-сялянскае паходжаньне.
Вялікі ўплыў на юнака Янку аказаў сусед Луцэвічаў Чахвіч, які ўдзельнічаў у паўстаньні Каліноўскага й меў вялікую бібліятэку, у якой былі й забароненыя цэнзурай кнігі.
Пасьля сьмерці бацькі ў 1902 годзе Янка павінен быў самастойна працаваць на гаспадарцы, акрамя гэтага ён працаваў як хатні настаўнік і пісар у судовага сьледчага. З 1903 году пачынаюцца ягоныя першыя творчыя крокі.
Пераехаўшы ў Вільню, якая ў тыя часы была сэрцам беларускай культуры, ён пачаў актыўна супрацоўнічаць з "Нашай Нівай", а ў 1914 годзе стаўся яе рэдактарам.
Гады Першай Сусьветнай вайны былі нялёгкімі для паэта. На пачатку ён перабраўся ў Маскву, потым вярнуўся ў Менск, дзе ў 1916 годзе быў прызваны ў войска. Купалу было тады 34 гады. Яго накіравалі ў сапёрна-будаўнічы атрад. Да канца вайны ён знаходзіўся ў Смаленску. На два гады ягоная творчасьць замірае.
У 1918 годзе рэвалюцыйныя падзеі й паўстаньне БНР натхняюць яго на новыя вершы. Пасьля ўтварэньня БССР Купала вяртаецца ў Менск, дзе пачынае выдаваць газэту “Звон”.
Янка Купала, як і большая частка нацыянальнай беларускай эліты, спадзяваўся на тое, што Беларусь урэшце атрымала гістарычную магчымасьць для разьвіцьця. Хаця тэрыторыя тагачаснай БССР складалася толькі з Менскай вобласьці. З 1919 году Янка Купала працаваў у Наркамаце асьветы БССР і садзейнічаў утварэньню першай у Беларусі вышэйшай установы Інстытуту беларускай культуры, на базе якога ў 1928 годзе была ўтворана Акадэмія навук, і Купала становіцца акадэмікам.
Купала даволі крытычна падыходзіў да бальшывіцкай улады.
У 1922 годзе ён напісаў вершы “Пазвалі вас” і “Перад будучыняй”, дзе крытыкаваў савецкую ўладу. Гэтыя вершы былі забаронены. А першы нумар часопіса “Адраджэньня”, дзе быў надрукаваны верш “Перад будучыняй”, быў канфіскаваны. У вершы паэт кажа, што Беларусь так і не атрымала незалежнасьці й засталася пад чужынскім ботам.
У тым жа 1922 годзе Купалу абвінавацілі ў тым, што ён супрацьпастаўляе сябе “пралетарскай дыктатуры”, пасьля таго, як ён выдаў сваю трагікамічную п’есу “Тутэйшыя”.
Бальшывіцкія ўлады ўжо ў дваццатыя гады падазрона ставіліся да Купалы й ягонай дзейнасьці. ГПУ забараніла стварэньне літаратурнай суполкі “Вір” і ахарактарызавала Купалу як “беларускага шавініста”. Паэт працягвае заклікаць да поўнага адраджэньня Беларусі. Шмат якія ягоныя вершы трапляюць пад забарону.
Творчасьць Янкі Купалы была ключавой у разьвіцьці беларускай культуры, мовы й літаратуры.
Купала ж быў ня толькі паэтам, але песьняром незалежнасьці, супрацьдзейнічаў камуністычнай ідэалёгіі, што стварала небясьпеку ды моцна раздражняла савецкія ўлады. Таму зразумела, чаму ўлады імкнуліся зламаць і зьнішчыць паэта.
З канца 20-х гадоў пачынаецца ціск на паэта. Яго выклікаюць на допыты ў ГПУ па сфабрыкаванай справе “Контррэвалюцыйнага Саюзу вызваленьня Беларусі”.
Даведзены да адчаю беларускі паэт нажом ускрыў жывот, перад гэтым напісаўшы запіску: “Лепей сьмерць фізычная, чым палітычная”. Толькі пасьля гэтага паэта пакінулі ў спакоі, але вымусілі ад яго напісаньне пакаяльнага ліста, які быў апублікаваны ў газэце “Зьвязда”. У гэтым лісьце Купала адракаўся ад нацыяналістычнай і контррэвалюцыйнай дзейнасьці.
Творчасьць Купалы пасьля гэтага пэрыяду й да пачатку 40-х збольшага была накіраваная на ўсхваленьне савецкай рэчаіснасьці, за што нават атрымаў Сталінскую прэмію, вышэйшую ўзнагароду ў СССР.
Калі пачалася Другая сусьветная вайна, Купала перабраўся ў Расею. Жыў пэўны час у Татарстане, дзе працягваў працаваць, выступаў на радыё з заклікамі да беларусаў да барацьбы з акупантамі.
У чэрвені 1942 году яго запрасілі ў Маскву, каб прыгатавацца да ўрачыстасьці сьвяткаваньня ягонага 60-годзьдзя.
28 чэрвеня 1942 году Янка Купала трагічна загінуў у гатэлі “Масква”, упаўшы зь лесьвіцы гатэлю.
Афіцыйная вэрсія гібелі: паэту сталася кепска, і ён абапёрся на парэнчыны і, не ўтрымаўшыся, упаў уніз. Каб дыскэдытаваць Купалу, была таксама распаўсюджана вэрсія, што паэт быў п’яны. Але ў гэта ніхто як з бліжэйшага атачэньня Купалы, так і зь беларускіх дасьледчыкаў ня верыў. Да таго ж ягонае цела было паддадзена крэмацыі. Тлумачылася гэта тым, што яно было вельмі пашкоджана пры падзеньні, то бок, судмэдэкспэртызы ніякай не праводзілася.
На пачатку урну зь ягонымі парэшткамі пахавалі на Ваганькаўскіх могілках, а праз 20 гадоў перавезьлі ў Менск, дзе быў перапахаваны на Вайсковых могілках.
Павал Усаў