Logo Polskiego Radia
Print

Беларусь не прызнала дакладчыка ААН

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 29.09.2012 11:33
Беларускія ўлады ня маюць намера супрацоўнічаць са спэцдакладчыкам па Беларусі Савета ААН па правах чалавека Міклашам Харашці.

charter97.org
charter97.org

Рашэньне аб прызначэньні Харашці спэцдакладчыкам па Беларусі было прынята 28 верасьня на 21-й сэсіі Савета па правах чалавека (СПЧ) ААН у Жэнэве. Супраць гэтага рашэньня выступілі некалькі краін, у тым ліку Расея й Куба.

Прадстаўнік РФ нагадаў, што расейская дэлегацыя яшчэ на 20-й сэсіі СПЧ ў чэрвені гэтага года галасавала супраць прыняцьця рэзалюцыі па Беларусі, якая прадугледжвала ўвядзеньне мандата спэцдакладчыка. "Лічым яе прадузятай і контрпрадуктыўнай, накіраванай на ізаляцыю Беларусі, а не ўцягваньне яе ў дыялёг. З улікам выкладзенага мы не падтрымліваем ні аднаго з кандыдатаў на пасаду спэцыяльнага дакладчыка па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі", - заявіў прадстаўнік расейскай дэлегацыі.

Беларусь не прызнае рашэньне Савета СПЧ аб увядзеньні мандата спэцдакладчыка й ня мае намеру зь ім супрацоўнічаць, заявіў на сэсіі пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэнэве Міхаіл Хвастоў.

Паводле яго слоў, Харашці з улікам яго палітычнага мінулага ня зможа бесстароньне й аб'ектыўна ажыцьцяўляць свае функцыі на пасадзе спэцдакладчыка Савета ААН па правах чалавека.

"Мы працягнем ахоўваць правы чалавека ўладай закону, а не адчуваньнямі спэцдакладчыка, - заявіў Хвастоў. - Ні адзін з міжнародных дагаворных ці іншых кантрольных органаў ААН не заявіў, што правы чалавека ў Беларусі забясьпечваюцца горш, чым у Вугоршчыне (радзіма Харашці. - БелаПАН. ), Польшчы, Латвіі, на Кіпры або ў Канадзе. Адпаведна ініцыятыву ЭЗ ў Савеце па правах чалавека ў дачыненьні да Беларусі мы разглядаем як палітычную кампанію ЭС супраць Беларусі ".

На думку Хвастова, уся праца Харашці будзе пастаўлена ў прамую залежнасьць ад пазыцыі Брусэля.

БелаПАН, ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт