У сувязі з адзначэньнем сёлета 200-годзьдзя з дня нараджэньня польскага кампазытара ўраджэнца Беларусі Станіслава Манюшкі і абвяшчэньнем 2019-га Годам Станіслава Манюшкі ў Бюро Года Станіслава Манюшкі ўзьнік рад ініцыятыў, якія накіраваны на распаўсюджваньне ведаў пра кампазытара сярод людзей розных узростаў. Асаблівая ўвага зьвернута на дзяцей.
Зіна Ярмошук, намесьнік кіраўніка Бюро Года Станіслава Манюшкі: Мы хацелі б, каб самыя маленькія пазнаёміліся з кампазытарам — яго біяграфіяй, творамі. І з гэтай мэтай мы пастараліся знайсьці такі выхад, каб гэтае знаёмства было лёгкае і прыемнае. І такім чынам мы падрыхтавалі дзьве адукацыйныя настольныя гульні. Першая гульня — гэта “Дамашні сьпеўнік” Станіслава Манюшкі”, і гэта гульня для самых маленькіх, для дзяцей ва ўзросьце 4+. А другая гульня — “Станіслаў Манюшка” — для дзяцей старэйшага ўзросту, якія заканчваюць пачатковую школу. Але ў той жа час гэтыя гульні падрыхтаваны такім чынам, каб можна было гуляць з бацькамі, зь сябрамі, каб можна было гуляць у іх у клясе падчас урока пра Манюшку.
У настольныя гульні варта гуляць з дапамогай спэцыяльнай аплікацыі, якую можна сьцягнуць на сайтах, прысьвечаных Году Манюшкі. У гэтай аплікацыі зьмешчаны фрагмэнты песень, напісаных Манюшкам.
Зіна Ярмошук: Гэта гульня заключаецца ў тым, што раскладваюцца розныя карткі з рознымі каляровымі прыгожымі ілюстрацыямі, і з кожнай карткай зьвязаны гук, які можна сьцягнуць з аплікацыі. Гэты гук дзіця павінна атаясамліваць з карткай. А ўвогуле, у гэту гульню можа гуляць вялікая група людзей — ня толькі дзеці, але і іх бацькі, дзядулі і бабулі. І гэта цудоўная забава!
Яшчэ адна гульня прызначана для дзяцей старэйшага ўзросту. Яе сутнасьць у тым, што трэба сабраць пэўную колькасьць картак ці пунктаў за свае веды пра жыцьцё і творчасьць Манюшкі.
Для дзяцей таксама падрыхтаваны некалькі кніг пра Манюшку, нават комікс. Апрача гэтага, да настольнай гульні дадаецца кніга «Дамашні сьпеўнік», у якой сабраны песьні на музыку Станіслава Манюшкі, у т.л. творы яго землякоў Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Уладзіслава Сыракомлі.
Зіна Ярмошук: Там зьмешчаны 42 самыя папулярныя песьні Манюшкі. У польскай традыцыі існуе звычай калектыўных сьпеваў. Песьні Манюшкі адлюстроўваюць усе магчымыя тэмы. Натуральна, тут ёсьць самыя папулярныя, як Prząśniczka, Znasz-li ten kraj. У той жа час тут зьмешчаны такія песьні, якія для многіх стануць адкрыцьцём. Песьні Манюшкі вядомы, як і опэры. Аднак песьні, у адрозьненьне ад опэр, былі зьвязаны не з элітарнай культурай. Яны прызначаліся для выкананьня не ў публічных месцах, а дома.
Бюро Года Станіслава Манюшкі пачало падрыхтоўку да 200-годзьдзя кампазытара яшчэ летась.
Зіна Ярмошук: У 2018 годзе мы пачалі шукаць людзей, зь якімі маглі б супрацоўнічаць. Бо мы не зьяўляемся аўтарамі ўсіх праектаў. Напрыклад, камп’ютарныя гульні распрацаваў Караль Мадэй, які вядомы ў Польшчы такога кшталту распрацоўкамі як адзін з найлепшых аўтараў. Для кніжак для дзяцей мы таксама шукалі выдаўцоў і аўтараў — такіх, якія карыстаюцца папулярнасьцю ў Польшчы. Ванда Хатомская напісала цудоўную кніжачку “Музыка пана Манюшкі”. У Вялікім тэатры ёсьць адукацыйны аддзел, і таму тут ёсьць свае супрацоўнікі, якія займаюцца папулярызатарскай работай. А ў Бюро Года Манюшкі мы рыхтуем такія матэрыялы, якія потым рассылаем па ўсёй Польшчы. Мы накіравалі сваю работу на тое, каб дабрацца са сваімі матэрыяламі да самых маленькіх мясцовасьцей краіны — да тамтэйшых цэнтраў культуры, школ, хораў. Бо ў такім вялікім горадзе, як Варшава, бацькі часта прыходзяць зь дзецьмі на розныя культурныя падзеі. А ў маленькія гарады культурныя імпульсы часам не даходзяць. Таму мы ставім мэтай туды дайсьці.
Калі Вы жадаеце бясплатна атрымаць настольную гульню пра Станіслава Манюшку, то напішыце Зіне Ярмошук, спаслаўшыся на гэту праграму: zjarmoszuk@teatrwielki.pl.
Віктар Корбут
Слухайце гукавы файл