Польскае радыё для замежжа - частка грамадзкага радыё. Асноўная задача Польскага радыё для замежжа - інфармаваць пра падзеі ў Польшчы, напрамкі польскай замежнай палітыкі, перадаваць навіны на тэму эканомікі, у тым ліку бізнэсу й замежных інвэстыцыяў. Радыё для замежжа дае слухачом аб’ектыўную і ўсебаковую інфармацыю пра Польшчу й польскі пункт гледжаньня на падзеі ў рэгіёне й сьвеце.
У структуру Польскага радыё для замежжа ўваходзіць Беларуская служба, якая была заснаваная 13 студзеня 1992 году, але першая перадача ў беларускай мове выйшла ў эфір ужо 15 сьнежня 1991 году ў праграме Польскае службы.
Цягам 15 гадовага пэрыяду ў працы Беларускай службы Польскага радыё для замежжа заўважаліся істотныя зьмены.
У першы пэрыяд дзейнасьці Беларуская служба інфармавала слухачоў у Беларусі перадусім пра найважнейшыя падзеі з розных галінаў жыцьця польскае дзяржавы, пра польска-беларускія ўзаемадачыненьні ды пра сытуацыю нацыянальных меншасьцяў: беларускай у Польшчы й польскай у Беларусі, сыходзячы з пазыцыяў, што сaпраўдная інфармацыя дазволіць узбагаціць веды беларусаў пра Польшчу й такім чынам прычыніцца да лепшага ўзаемаразуменьня.
Разам са зьменай палітычнае сытуацыі ў Беларусі, калі Беларусь пачала адуходзіць ад сваіх нацыянальных каштоўнасьцяў, імкнучыся адначасова да інтэграцыі з Расеяй і ўводзячы пры гэтым інфармацыйную блякаду, Беларуская служба ўзяла на сябе дадатковы абавязак – паведамлць пра падзеі ў Беларусі ды пра трактоўку беларускіх уладаў міжнароднай грамадзкай думкаю.
Ад самага пачатку Беларуская служба Польскага радыё для замежжа старалася наладзіць супрацоўніцтва зь іншымі СМІ, якія працуюць на беларускай мове. Вельмі карыснaй зьяўляецца супраца з Рэдакцыяй нацыянальных меншасьцяў Польскага радыё Беласток. Калегі зь Беластоку перадаюць інфармацыю пра падзеі на Беласточчыне, дзе кампактна жыве вялікая колькасьць беларусаў, а таксама пра памежнае польска-беларускае супрацоўніцтва.
Актыўна прадстаўлялася супраца й з мэдыямі ў Беларусі. Ужо пасьля першага году існаваньня наладзілася супраца з радыёстанцыяй „Беларуская маладзёжная”, якaя працягнулася да моманту ліквідаваньня станцыі. Супольна з „БМ” быў падрыхтаваны радыёмост Варшава – Менск з удзелам тагачаснага прэзыдэнта Польшчы Леха Валэнсы й старшыні Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Станіслава Шушкевіча. Аднагадзінную перадачу можна было слухаць адначасова па Першай праграме Польскага радыё ды на хвалях „Белaрускай малaдзёжнай”.
Пасьля ўзьнікненьня ў Беларусі першага беларускамоўнага камэрцыйнага Радыё 101,2 слухачы маглі на ягоных ФМ-хвалях слухаць таксама перадачы Беларускай службы Польскага радыё для замежжа. Апрача гэтага ў 1996 годзе на хвалях Радыё 101,2 прайшоў Польскі дзень, дзякуючы чаму шырэйшае кола слухачоў у Беларусі змагло пазнаёміцца з дэмакратычнымі пераўтварэньнямі ў заходняй суседкі. Аказалася, што гэтая ініцыятыва была ўспрынятая менчукамі вельмі цёпла.
Калі Радыё 101,2 было зачыненае ўладамі, журналісты гэтай станцыі маглі прэзэнтаваць сваю паўгадзінную праграму ў эфіры Беларускай службы Польскага радыё для замежжа. Такая сытуацыя працягвалася да моманту стварэньня ў Польшчы Радыё Рацыя. Разам з узьнікненьнем Радыё Рацыя супраца аднак не спынілася, толькі зьмяніўся ейны характар.
Беларуская служба супрацоўнічала таксама з радыёстанцыяй Сталіца, у эфіры якой раз на тыдзень ішоў 5-хвілінны агляд падзеяў у Польшчы.