Logo Polskiego Radia
Print

Ванда і Надзея: полька і беларуска ў адной асобе (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 20.06.2019 10:04
  • 0620 Варшаўскі мост. Н. Лежэ - К. Зыховіч.mp3
Варшаўская дасьледчыца выдала кнігу пра ўраджэнку Беларусі мастачку Надзю Лежэ.
Надзя ЛежэНадзя ЛежэФота: commons.wikimedia.org/Nathalie Samoïlov/CC BY-SA 4.0

Француская мастачка Надзея Лежэ паходзіць зь Беларусі. Яе дзявочае прозьвішча Хадасевіч. Лічыла яна сябе і полькай: жыла, вучылася, працавала ў Варшаве. Караліна Зыховіч, супрацоўніца варшаўскай Нацыянальнай галерэі мастацтва «Zachęta», сёлета выдала першую ў сьвеце манаграфію пра мастачку — «Nadia konstruktorka. Sztuka i komunizm Chodasiewicz-Grabowskiej-Léger» (Warszawa: Universitas 2019).

Караліна
Караліна Зыховіч. Фота: Віктар Корбут/radyjo.net

Караліна Зыховіч летась стала вядома беларусам у Польшчы пасьля яе выступленьня на фэстывалі “Беларуская культура ў панараме” зь лекцыяй пра польскую і францускую мастачку беларускага паходжаньня Надзею Хадасевіч—Лежэ. А сёлета мы зноў сустрэліся з Каралінай, бо ў яе выйшла кніга пра Хадасевіч—Лежэ. Шлях да кнігі быў нельга сказаць, каб пакручасты, але да асобы мастачкі зь Беларусі Караліне Зыховіч давялося падыходзіць з розных бакоў, а каб пазнаць яе біяграфію і творчасьць, трэба было наведаць некалькі краін.

Вокладка
Вокладка кнігі Караліны Зыховіч «Nadia konstruktorka. Sztuka i komunizm Chodasiewicz-Grabowskiej-Léger»

Караліна Зыховіч: Ідэя выданьня кнігі прыйшла да мяне тры гады таму — пасьля падарожжа ў Менск. Але спачатку я хадзіла на курсы беларускай мовы пра Культурным цэнтры Беларусі пры пасольстве Беларусі ў Варшаве. І там ад выкладчыцы я даведалася, што ёсьць магчымасьць прыняць удзел у міжнароднай школе беларусазнаўства ў Менску. І гэта ідэя мне вельмі спадабалася. Бо я даўно марыла пра тое, каб пазнаць культуру Беларусі. А культурай Беларусі я зацікавілася дзякуючы перш за ўсё Надзі.

Чаму ж я зацікавілася Надзяй? Адразу пасьля вучобы ва ўнівэрсытэце я марыла пра тое, каб абараніць доктарскую дысэртацыю (у Польшчы — адпаведнік кандыдацкай. — Рэд.). І мой цудоўны навуковы кіраўнік, цяпер, на жаль нябожчыца, параіла мне заняцца пытаньнем успрыняцьця творчасьці францускага мастака Фэрнана Лежэ ў Польшчы.

Фэрнан Лежэ быў вельмі важнай творчай асобай для польскіх мастакоў ХХ ст. Яго можна параўнаць з Пабла Пікаса. І гэта была цудоўная ідэя — напісаць дысэртацыю на гэту тэму.

Такім чынам, з 2006 года я пачала шукаць матэрыялы пра сувязі Ф. Лежэ з Польшчай. І так у мае рукі пачалі трапляць матэрыялы пра мастачку, вядомую ў Польшчы як Ванда Хадасевіч-Грабоўская.

Мяне зацікавіла тое, што ў францускамоўнай літаратуры пра гэту мастачку гаворыцца як пра расейку, якая выйшла пазьней замуж за Лежэ і стварыла яго музэй на поўдні Францыі.

І я пачала шукаць розныя зьвесткі пра Надзю. Але аказалася, што гэта таямнічная асоба. І што мяне ўразіла, яе ў Польшчы ўспрымалі ня так, як у СССР, а цяпер у Расеі і Беларусі, і зусім інакш у Францыі.

У Польшчы гэта Ванда Хадасевіч-Грабоўская. Польскія дасьледчыкі лічаць, што яна мела польскае паходжаньне. Яна вучылася ў варшаўскай Акадэміі прыгожых мастацтваў, выйшла замуж за польскага жывапісца і разам яны выехалі ў Парыж. І там да канца 1920-х гадоў мастачка круцілася ў польскім мастацкім асяродзьдзі. У той час яна адправіла адну са сваіх карцін у Лодзь, у калекцыю сучаснага мастацтва, якую зьбірала вядомая група “a.r.”. Такім чынам, гэта мастачка ўдзельнічала ў польскім мастацкім жыцьці 1920-х гадоў. Аднак яе далейшая гісторыя ў Польшчы не вядомая, апрача таго, што яна пазьней стварыла музэй Ф. Лежэ.

Калі я пачала чытаць францускія кнігі, то там Надзя прадстаўлена перш за ўсё як жонка Ф. Лежэ. І ніхто з тамтэйшых аўтараў ня ведаў, што яна мела нейкую сувязь з Польшчай. Гэта можа тлумачыцца тым, што з 1930-х гадоў мастачка пачалася прымаць удзел у савецкіх выстаўках, а таксама ў чарговы раз зьмяніла імя і прозьвішча — на Надзю Хадасевіч і стала ўдзельнічаць у камуністычным руху, аддаляцца ад Польшчы.

Таксама вядома, што Надзя мела складаныя адносіны са сваім польскім мужам, які, як можна меркаваць, яе біў. І можа, і па гэтай прычыне яна парвала з польскасьцю і “вярнулася” да сваіх каранёў. Так яе ўспрымаюць у Францыі.

А мая зацікаўленасьць Надзяй ўсё ўзмацнялася і ўзмацнялася. І тады я вырашыла пачаць шукаць інфармацыю пра яе на расейскамоўных старонках. І для мяне гэта было ваў!

Бо калі я ўпісвала яе імя лацінкай: Nadia Léger, то мне паказваліся польскія, францускія, ангельскія старонкі ў інтэрнэце, а калі ўпісала кірыліцай, то перада мной адкрылася мноства старонак, пра існаваньне якіх я нават не ўяўляла. Гэта было адкрыцьцё! Аказалася, што Надзя ў Расеі і Беларусі больш папулярная, чым у Польшчы і Францыі. І так перада мною адкрыліся сувязі Надзі з савецкім урадам, тое, што яна сябравала зь міністрам культуры СССР Кацярынай Фурцавай, балерынай Маяй Плісецкай. Хаця, у адрозьненьне ад беларусаў, расейцы Надзю лічаць не такой ужо і значнай мастачкай. Але пра гэта я даведалася толькі леташнім траўнем, калі рыхтавала выстаўку твораў Надзі ў Мастацкім музэі ў Лодзі — “Чырвоная матэрыя. Надзя Лежэ”. Гэта мяне зьдзівіла, бо тая колькасьць старонак у інтэрнэце, якую я знайшла, сьведчыла пра яе значнасьць.

Але ў той жа час на старонках у інтэрнэце на расейскай мове ані слова не было пра тое, што Надзя была Вандай Хадасевіч-Грабоўскай, палячкай, і што ўвогуле была значнай асобай у польскім мастацкім асяродзьдзі.

Але тут, у Польшчы, мастачку лічаць польскай. Так, у 1991 годзе ў Нацыянальным музэі ў Варшаве праходзіла выстаўка “Польскія мастачкі”, гэта была ўвогуле першая выстаўка, прысьвечаная польскім мастачкам, і некаторыя польскія мастачкі былі пакрыўджаны, бо іх не запрасілі прыняць удзел у гэтай выстаўцы, затое дырэктар музэя вырашыла зьмясьціць у экспазыцыі Ванду Хадасевіч.

Віктар Корбут

Слухайце гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт