Вальдэмар Дамброўскі, дырэктар варшаўскага Вялікага тэатра — Нацыянальнай опэры, у 2017 годзе быў прызначаны ўпаўнаважаным па арганізацыі сьвяткаваньня ў 2019-м Года Станіслава Манюшкі. Са сп. Дамброўскім мы сустрэліся ў яго кабінэце ў Вялікім тэатры. У эксклюзіўным інтэрвію ён расказаў пра свае ўражаньні ад паездкі ў Беларусь — на мерапрыемствы, зьвязаныя з 200-годзьдзем з дня нараджэньня ўраджэнца Беларусі польскага кампазытара Станіслава Манюшкі.
Вальдэмар Дамброўскі. Фота: Teatrwielki.pl
Вальдэмар Дамброўскі: Мне спадабаўся горад Менск. У Вялікім тэатры быў падрыхтаваны прыгожы канцэрт да юбілею Станіслава Манюшкі. Мы наведалі месцы ў цэнтры горада, зьвязаныя з Манюшкам: помнік яму, экспазыцыю ў Музэі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, пабывалі, натуральна, каля дома, у якім жыў Манюшка з бацькамі. Затым наведалі яго родныя мясьціны — Убель, Сьмілавічы. Там адчуваецца прысутнасьць імя Манюшкі.
Аднак узьнікае пытаньне, ці дастаткова добра вядомы і ацэнены творы Манюшкі ў Беларусі. Бо адчуваецца, што існуе гонар за тое, што ў Беларусі нарадзіўся выдатны эўрапейскі кампазытар, аднак рэдка сустракаюцца кампэтэнтныя знаўцы яго музыкі, а таксама той ролі, якую Манюшка адыграў на тэрыторыі тагачаснай Расейскай імпэрыі, культывуючы на нашых землях польскую культуру, а таксама папулярызуючы беларускую.
Я зрабіў вывад, што трэба больш працаваць над сапраўднай прысутнасьцю Манюшкі ў беларускай культуры, у сьвядомасьці беларусаў.
Прайшла ўжо палова 2019-га, абвешчанага Годам Манюшкі. Як выглядае ўжо зробленая палова з пэрспэктывы сёньняшняга дня? І што чакаць ад наступнай паловы года?
Вальдэмар Дамброўскі: Місія гэтага года — гэта ня нейкі набор падзей, а запуск пэўнай дзеяздольнай энэргіі, дзейнасьці ў культурнай прасторы, якая зьвязана са Станіславам Манюшкам і яго творчасьцю. І гэта не павінна заканчвацца.
На мой погляд, Манюшка — гэта па-ранейшаму творца, якога трэба адкрыць. І гэта адносіцца як да палякаў, так і да беларусаў.
І ёсьць канкрэтныя ідэі. Я, напрыклад, хацеў бы паказаць работы нашага тэатра ў Беларусі. У Беларусі ў апошнія гады ня ставілася ніводная з опэр Манюшкі. Можа, у гісторыі калісьці ставілася, але мне пра гэта невядома.
Таксама мяне радуе, што Віктар Корбут працуе над падрыхтоўкай да выданьня альбома з малюнкамі бацькі Станіслава Манюшкі — Чэслава. Гэта вельмі важны інфармацыйны рэсурс.
Таксама ёсьць праекты канцэртаў Манюшкавых твораў у джазавай, сымфанічнай апрацоўцы.
Такіх праектаў многа. Крок за крокам мы ідзём у правільным кірунку.
У Менску над гэтай тэматыкай працуе Польскі інстытут.
Адбылася вельмі прыемная сустрэча з дырэктарам менскага Вялікага тэатра Ўладзімірам Грыдзюшкам. Гэта мой добры калега. Мы знаёмы многа гадоў. І карыстаемся ўзаемнай сымпатыяй. І ён адкрыты да супрацоўніцтва. Думаю, яно павінна адбывацца ў выглядзе прадстаўленьня дасягненьняў варшаўскага Вялікага тэатра на сцэне менскага — опэры і балета.
Бо, як я ўжо сказаў, імпэт Года Манюшкі павінен стаць пачаткам чагосьці, што будзе мець больш сыстэматычны характар і будзе абапірацца на вопыт 2019 года. Такім чынам, Год Манюшкі павінен працягвацца — у 2020-м, і ў 2023-м і г. д.
Вальдэмар Дамброўскі спадзяецца, што беларусы адкрыюць ня толькі імя, але і творчасьць свайго вялікага земляка.
Вальдэмар Дамброўскі: Калі ў Польшчы назіраецца вельмі выразнае ажыўленьне ў Год Манюшкі, вельмі многа людзей адкрываюць для сябе Манюшку нанова, то ў Беларусі толькі пачынаецца адкрыцьцё творчасьці кампазытара. Ён на самай справе там невядомы. Ён вядомы як асоба, а ня як творца. І перш за ўсё колу спэцыялістаў. Але я гавару таксама пра пульс грамадзтва, пра больш шырокія колы беларускага соцыуму.
Я высока ацэньваю тыя памятныя мерапрыемствы, якія праходзяць у Беларусі ў гонар Станіслава Манюшкі. Але спадзяюся, што, напрыклад, у праграмах мясцовых хораў зьявяцца песьні Манюшкі — па-беларуску ці па-расейску. Спадзяюся, што ў менскім Вялікім тэатры адбудзецца прэм’ера нейкага твора Манюшкі і што гэта будзе карыстацца вялікай папулярнасьцю.
Віктар Корбут
Слухайце гукавы файл