Logo Polskiego Radia
Print

Сяргей Каваленка ў Варшаве (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 18.10.2012 15:40
  • Сяргей Каваленка ў Варшаве.mp3
У польскай сталіцы адбылася прэсавая канфэрэнцыя беларускага вязьня сумленьня.

/

Сустрэчу арганізавалі Зьвяз на карысьць дэмакратыі у Беларусі, Белсат і Таварыства польскіх журналістаў (SDP). Прысутных прывітаў генэральны сакратар SDP Стэфан Трушчыньскі.

Стэфан Трушчыньскі: Маю гонар прывітаць нашых гасьцей. Мы вельмі радыя, што здарылася магчымасьць запрасіць да нас выбітных прадстаўнікоў беларускай апазыцыі. Надзвычай стойкіх людзей, пра што ўсе ведаюць... Гэта першы візыт ў Польшчы спадара Каваленкі пасьля вызваленьня з турмы. Польшча й Беларусь – гэта блізкія краіны.

Пад час прэсавай канфэрэнцыі Сяргей Каваленка распавёў пра ягоны арышт ды 25 месяцаў турэмнага зьняволеньня. Таксама ён патлумачыў прычыны свайго пратэсту ды змаганьня з лукашэнкаўскай сыстэмай.

/Сяргей Каваленка: Нават за кратамі да мяне даходзіла інфармацыя, дзякуючы гэтаму шмат людзей ведала пра мяне. Калі мяне перавозілі з адной турмы ў другую, там ужо пра мяне ведалі, і было станоўчае меркаваньне пра мяне ў людзей. Цяпер інфармацыя вельмі добра можа бараніць. Гэта таксама зброя, з дапамогай якой можна змагацца за палітвязьняў, шмат якіх яшчэ засталося за кратамі. Я хачу выказаць падзяку, бо за кратамі да мяне даходзіла шмат лістоў. Там мне гэта было вельмі патрэбна. Сваімі дзеяньнямі я хацеў даказаць, што нацыяналісты – гэта патрыёты. Наша Беларусь – гэта нашчадак ВКЛ. Таму, вывешчаючы сьцяг, я нагадваў пра гэта.

Нагадаем, што беларускія ўлады кінулі Сяргея ў турму менавіта за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцягу ў Віцэбску. Гэты выпадак прысутны на сустрэчы Зянон Пазьняк назваў праявай нянавісьці да Беларусі з боку ўладаў.

/Зянон Пазьняк: Кажуць, што беларускі рэжым ня мае ідэялёгіі. Наадварот, мае. Гэтая ідэалёгія называецца «беларусафобія». Гэта беларусаненавісніцкі рэжым, а ягонай палітыкай зьяўляецца нянавісьць да беларушчыны. Гэтую палітыку падтрымлівае Масква. Барацьба ідзе за вельмі важныя рэчы для беларускага народу, у першую чаргу гэта беларуская мова, культура, школа ды сымбалі: герб «Пагоня» ды бел-чырвона-белы сьцяг.

Вельмі ўзрадаваны вызваленьнем быў польскі эўрадэпутат Марэк Мігальскі, які доўгі час змагаўся за вызваленьне Сяргея Каваленкі. Пры гэтым польскі палітык зазначыў, што Эўразьвяз вельмі мала зрабіў для Сяргея Каваленкі ды робіць для іншых палітвязьняў. Нельга пагаджацца на тое, што па суседзтву з ЭЗ квітнее дыкітатура, кажа палітык.

Марэк Мігальскі: Як можна пагаджацца на тое, што побач з Эўрапейскім Зьвязам захавалася апошняя клясычная дыктатура? Як можна прымаць Нобэлеўскую прэмію міру з радасьцю ды ўсьмешкай, ведаючы пра тое, што за ўсходняй мяжой Эўразьвяза людзей кідаюць у вязьніцы, катуюць і забіваюць? Як можна радавацца ў такіх умовах? Тым больш, што польская дзяржава, як паведамляе прэса, у чарговы раз выслала данос на беларускіх апазыцыянэраў Лукашэнку. Мы наступаем зноў на тыя ж самыя граблі. Але за нашыя памылкі не плацяць чыноўнікі, а такія людзі як Сяргей Каваленка, якія не баяцца выступаць у абарону фундамэнтальных правоў, як свабода й дэмакратыя.

Каб пераламаць гэтую тэндэцыю абыякавасьці ды стомленасьці Беларусьсю, - лічыць эўрадэпутат Павал Коваль, - трэба ўздымаць беларускае пытаньне ў Брусэлі ды весьці пасьлядоўную палітыку ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі.

Павал Коваль: Адзіным даступным Польшчы інструмэнтам ўзьдзеяньня на Беларусь зьяўляецца пасьлядоўная дзейнасьць на форум Эўрапейскага Зьвязу. Ключавое слова – пасьлядоўнасьць... Калі мы кажам, што абіраем рашучы курс, трэба яго праводзіць пяць гадоў, каб Лукашэнка пасьпеў яго адчуць. Праблема ў тым, што Эўразьвяз у беларускім пытаньні паводзіць сябе надзвычай эмацыйна, калі можна так сказаць пра інстытуты. Адсюль цяперашняе стаўмленьне да Беларусі. Але Польшча ня можа быць абыякавай у гэтым пытаньні, як мінімум гэта закранае нашую бясьпеку. Адсюль простая выснова – трэба займацца гэтай справай.

Арганізатары сёньняшняй сустрэчы перакананыя, што прыезд Сяргея Каваленкі ў Польшу прыцягне інтарэс польскага грамадзтва ды палітыкаў да таго, што адбываецца ў Беларусі.

/

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт