Пачаўся суд над Полуднем
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
14.01.2013 10:34
Былы намесьнік міністра ўнутраных спраў абвінавачваецца ў злоўжываньні ўладай, перавышэньні ўлады й атрыманьні хабару.
У Беларускім ваенным судзе сёньня пачаўся працэс па справе былога намесьніка міністра ўнутраных спраў Беларусі — начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Яўгена Полудня. Справу разглядае Ваенная калегія Вярхоўнага суда, слуханьні праходзяць у закрытым рэжыме.
Яўген Полудзень абвінавачваецца ў злоўжываньні ўладай, перавышэньні ўлады й атрыманьні хабару. Дзеяньні былога намесьніка кіраўніка МУС кваліфікаваны па ч. 3 арт. 424 КК (злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі), ч. 2 і 3 арт. 426 КК (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў асобай, якая займае адказнае становішча) і ч. 3 арт. 430 КК (атрыманьне хабару).
Высокі міліцэйскі чын быў затрыманы 8 сьнежня 2011 году. Праз тыдзень яму прад'явілі абвінавачаньне па ч. 3 арт. 424 КК (злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі). У лютым 2012 году ў дачыненьні да Полудня была распачата другая крымінальная справа — па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 426 КК (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў асобай, якая займае адказнае становішча). Абедзьве справы аб'ядналі ў адну. Сьледзтва ўстанавіла, што Полудзень сыстэматычна на працягу доўгага пэрыяду атрымліваў ад службовых асоб органаў унутраных спраў матэрыяльныя каштоўнасьці й грашовыя сродкі.
27 сьнежня 2011 году палкоўнік міліцыі Яўген Полудзень указам прэзыдэнта быў вызвалены ад пасады намесьніка міністра ўнутраных спраў — начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі й звольнены з органаў унутраных спраў у запас Узброеных сіл.
На сустрэчы з журналістамі 27 красавіка 2011 году начальнік Сьледчага камітэта Валеры Вакульчык паведаміў, што справа — шматэпізодная, па ёй праходзіць шмат сьведак. "Абгрунтаванасьць затрыманьня Полудня не выклікае сумненьняў", — сказаў кіраўнік СК.
БелаПАН/ав