Logo Polskiego Radia
Print

Фэномэн беларускай эканомікі

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 29.06.2013 15:57
Узровень жыцьця ў Беларусі ў два разы вышэйшы чым на Ўкраіне, а датацый ад Расеі Менск атрымлівае ў два разы больш, чым Польшча ад ЭЗ.

Газэта “Rzeczpospolita” на цэлую паласу друкуе артыкул пад назвай “Беларусь каштуе мільярды” пра эканамічную сытуацыю ў краіне. Даход на душу насельніцтва ў Беларусі складае 15 тыс. даляраў – гэта больш, чым у Балгарыі й Румыніі – краінах Эўрапейскага Зьвязу. Пры гэтым гэта ненамнога менш, чым у Польшчы, дзе даход складае 20 тыс. 600 даляраў. Прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду Марк Ален кажа, што гэта сапраўдныя дадзеныя й што тут адсутнічае гэтак званая “крэатыўная бухгальтэрыя”, якая прывяла да крызісу на Кіпры. А ўзровень жыцьця ў Беларусі сапраўды вышэйшым чым, напрыклад, ва Ўкраіне ды Балгарыі. Аднак эканаміст задае пытаньне: ці беларуская эканамічная сыстэма будзе ў стане доўга працягнуць?

70% беларускага нацыянальнага даходу выпрацоўваюць дзяржаўныя прадпрыемствы. Газэта зазначае, што беларускую эканоміку не ўдалося б утрымаць без расейскіх датацый, якія выдзяляюцца пад відам танных крэдытаў ды нізкіх цэн на нафту й газ. Дзякуючы таньнейшаму сабекошту беларуская прадукцыя зьяўляецца канкурэнтназдольнай. Паводле эканамістаў, расейскія датацыі ў маштабе года складаюць 5 млрд. даляраў – гэта ў два разы больш, чым атрымлівае Польшча ад Эўрапейскага Зьвязу прапарцыянальна да колькасьці насельніцтва. Аднак узамен расейцы патрабуюць беларускіх стратэгічных прадпрыемстваў: ужо ўзялі “Белтрансгаз”, цяпер маюць жаданьне ўзяць кантроль над “Беларуськаліем”. Аднак, нягледзячы на датацыі, у беларускай эканоміцы зьявіліся сур’ёзныя праблемы. Склады загружаныя – агульны кошт нерэалізаваных тавараў складе 3 млрд. 700 млн. даляраў – гэта 5% ад валавага ўнутранага прадукты. Акрамя таго, Беларусь сядзіць у даўгах па вушы: замежны доўг складае 35 млрд. даляраў – гэта прыкладна 55% ад нацыянальнага даходу. І гэта амаль што максымальна дазволеная планка паводле крытэрыяў МВФ. Паводле міжнародных эканамістаў, замежны доўг не павінен перавышаць 60% ад нацыянальнага даходу, бо ў адваротным выпадку краіне ў кожны момант можа пагражаць калапс.

Газэта “Rzeczpospolita” піша, што ў Беларусі сярэдняя зарплата складае каля 500 даляраў, хоць насамрэч мала хто зарабляе такія грошы. Штодзёнка нагадвае, што сярэдняя зарплата ў Польшчы - 1 тыс. 150 даляраў. А цэны некаторых тавараў вышэйшыя, чым у Польшчы. І таму многія беларусы едуць у суседнюю краіну за пакупкамі. Паводле падлікаў эканамістаў, у памежных раёнах, напрыклад, у Беластоку, 15% тавараабароту дасягаецца дзякуючы беларускім пакупнікам. Нізкія зарплаты дзяржава кампэнсуе шматлікімі датацыямі, напрыклад, камунальных паслуг ды транспарту. Акрамя таго, у Беларусі – нізкія цэны на аўтамабільнае паліва ў параўнаньні з суседнімі краінамі – амаль у два разы.

У канцы артыкула журналіст газэты задае пытаньне: ці доўга пратрымаецца беларуская эканамічная мадэль? І ці беларусы ня выйдуць на вуліцы, калі акажацца, што ўзровень жыцьця ў іх краіне ня ў два разы выйшэйшы ў параўнаньні, напрыклад, з Украінай, а такі ж самы, чытаем на старонках газэты “Rzeczpospolita”.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт