Працы Францыска Скарыны выйдуць друкам
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
27.12.2013 08:55
Падпісаны ў друк першы том поўнага збору прац Францыска Скарыны.
26 сьнежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія падпісаньня ў друк першага тома поўнага збору прац Францыска Скарыны. Такім чынам стартаваў агульнанацыянальны праект па факсымільным перавыданьні кніжнай спадчыны першадрукара.
Як паведаміў першы намесьнік міністра культуры Беларусі Ўладзімір Карачэўскі, выпуск кніг разьлічаны на 2013—2017 гады і прымеркаваны да 500-годзьдзя айчыннага кнігадрукаваньня.
Праект выконваецца ў межах рэалізацыі дзяржаўнае праграмы "Культура Беларусі" на 2011—2015 гады. Плянуецца выпусьціць дваццаць тамоў, факсыміле надрукаваных Скарынам у Празе і Вільні, на аснове электронных копій усіх вядомых выданьняў першадрукара і рукапісных сьпісаў кніг, якія знаходзяцца ў беларускіх і замежных бібліятэках ды музэях.
Пераклады выданьняў, а таксама арыгінальных прадмоў і пасьляслоўяў Францыска Скарыны на расейскую і беларускую мовы ылі выкананыя супрацоўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук, Інстытуту мовы і літаратуры, пераклады на ангельскую — адмыслоўцамі Нацыянальнай бібліятэкі.
БелаПАН/эб