Фанатаў БАТЭ затрымліваюць за падтрымку Майдана
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
03.02.2014 09:46
У дачыненьні да ўсіх 23 фанатаў барысаўскага футбольнага клюба вынесеныя судовыя пастановы аб адміністрацыйным арышце.
У дачыненьні да ўсіх 23 фанатаў барысаўскага футбольнага клюба, што засьвяціліся на фатаздымку з акцыі ў падтрымку ўкраінскага Майдана, вынесеныя судовыя пастановы аб адміністрацыйным арышце, паведамляе фанацкі рэсурс belutras.by.
Акрамя таго, у міліцыю выклікаюць іншых асоб, якія ня маюць дачыненьня да дадзенай акцыі. Паводле папярэдняй інфармацыі, іх вылічылі па камэрах відэаназіраньня.
Раней стала вядома, што двое заўзятараў клюба асуджаныя (адзін — на пяць сутак, лёс другога невядомы) і ўжо адбываюць пакараньне.
Супрацоўнікі міліцыі таксама выклікаюць прадстаўнікоў розных фанрухаў зьявіцца для размовы. Званкі ўжо паступалі фанатам менскага «Дынама», БАТЭ, «Нёмана», «Менска» й іншых каманд.
Справы ў дачыненьні да барысаўскіх заўзятараў былі заведзеныя за несанкцыянаваную акцыю ў падтрымку Майдана: каля двух дзясяткаў фанатаў сталі на вуліцы ў лінію з транспарантамі «Трымайся, Украiна! Мы з вамі» й «Героям слава», а таксама бел-чырвона-белым сьцягам. Здымак з зарэтушаванымі тварамі быў разьмешчаны ў інтэрнэце.
nn.by/вс