Logo Polskiego Radia
Print

Чарговае расьсьледаваньне сьмерці Літвіненкі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 27.01.2015 15:58
Ці на гэты раз удасца вызначыць абставіны сьмерці былога агента ФСБ?

/

У Вялікабрытаніі пачалося расьсьледаваньне па справе сьмерці Аляксандра Літвіненкі, атручанага восем гадоў таму ў Лёндане радыеактыўным ізатопам палёнія. Гэта ўжо трэцяя спроба па высьвятленьні прычынаў сьмерці, у якой грамадзкая думка абвінавачвае расейскія ўлады, а нават самога прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.

Аляксандр Літвіненка – былы агент ФСБ, які ўцёк на Захад - памёр у лістападзе 2006 году праз тры тыдні пасьля сустрэчы ў Лёндане з двума сваімі былымі калегамі.

Скотланд-Ярд абвінаваціў расейскіх агентаў у забойстве й запатрабаваў іх экстрадыцыі, але Расея на працягу многіх гадоў пасьлядоўна ад выдачы адмаўлялася. Такім чынам, немагчыма было ўзбудзіць крымінальны працэс.

Другая спроба ўстанаўленьня абставінаў сьмерці Літвіненкі была спынена брытанскай выведкай, зь якой Літвіненка супрацоўнічаў пасьля атрыманьня брытанскага грамадзянства. Выведка адмовілася даваць паказаньні ў яўным працэсе.

Толькі падчас распачатага сёньня расьсьледаваньня брытанская выведка мае даваць паказаньні за зачыненымі дзьвярыма, а судзьдзя будзе мець права зрабіць высновы, не раскрываючы ўсёй інфармацыі.

Надоечы лёнданскія газэты паведамлялі, што брытанская выведка атрымала ад амэрыканцаў моцныя доказы, што забойства Літвіненкі даручылі ўлады ў Маскве.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт