Польшча купляе ракеты Tomahawk і падлодкі (ФОТА+ВІДЭА)
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
17.04.2015 19:53
Штуршком да такога рашэньня стаў канфлікт ва Ўкраіне.
kobben, foto: wikipedia
“Gazeta Wyborcza” закранае надзвычай актуальную тэму, якая ў апошні час знаходзіць шырокае адлюстраваньне ў СМІ. Польшча зьбіраецца мадэрнізаваць армію й выдаткаваць на гэтыя мэты вялізныя грошы. Штуршком да такога рашэньня стаў канфлікт ва Ўкраіне.
Ваенна-марскія сілы Польшчы рыхтуюцца купіць тры новыя дызэльны падводныя лодкі й паставіць на іх ракеты “Tomahawk”. Падлодкі тыпу “Kobben”, якія цяпер знаходзяцца на ўзбраеньні ВМС, былі вырабленыя ў Нямеччыне у 1970-я гады для ваенна-марскіх сіл Нарвэгіі. Осла сьпісала падводныя лодкі й передало Польшчы ў 2002 годзе. Іх рэсурс заканчваецца ў 2017 годзе, і таму набыцьцё новых падлодак зьяўляецца проста неабходнасьцю. Аднак узьнікае праблема: раней ніхто не спрабаваў запускаць ракеты “Tomahawk” з падводных лодак гэтак малога кляса. Нават самі амэрыканцы, якія павінны быць зацікаўленыя ў продажы ракет, выказваюць сумневы. Польшча плянуе купіць 24 “Tomahawk-і”, а кошт аднаго экзэмпляра складае 2 млн. даляраў. Акрамя таго, для навядзеньня крылатых ракет “Tomahawk” патрэбныя каардынаты з вайсковых спадарожнікаў, якіх Польшча проста ня мае. Такім чынам, канстатуе “Gazeta Wyborcza”, каб толькі не аказалася, што Мінабароны краіны закупіць даражэзныя цацкі для дарослых.
Падобная сытуацыя назіраецца таксама ў сухапутных сілах. Вайна ва Ўкраіне паказала, што ў сучасных канфліктах вялікую ролю адыгрывае дальнабойная артылерыя з дальнасьцю стральбы да 40 кілямэтраў. На дадзены момант на ўзбраеньні ў Польшчы - састарэлыя савецкія самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі “Гвазьдзіка” й чэскія “Дана”. Палякі пачалі мадэрнізацыю самаходнай артылерыі, а ў якасьці замены выбралі сваю канструкцыю – САУ “Krab”. Аднак аказалася, што падчас стрэлаў на брані ўстаноўкі зьяўляюцца мікратрэшчыны. Цяпер спэцыялісты думаюць замяніць польскую хадавую частку на імпартную, а ў якасьці магчымага варыянту разглядаецца прадукцыя з Паўднёвай Карэі. Такім чынам, распрацоўка САУ “Krab” паглыне дадаткова 1 млрд. злотых (каля 250 млн. эўра). Паводле выданьня “Gazeta Wyborcza”, у выніку акажацца, што “Krab” - гэта ніякая ня польская распрацоўка, а толькі польская зборка, бо ў САУ, акрамя плянаванай паўднёвакарэйскай базы, брытанская вежа й нямецкая гармата калібра 155 мм. Журналіст зазначае, што гэта не канец праблем з польскай САУ, бо аказалася, што рухавік устаноўкі за слабы й не спраўляецца з нагрузкай шматтоннай машыны. І гэта толькі некаторыя прыклады з шэрагу многіх неабдуманых рашэньняў вайскоўцаў і чыноўнікаў, якія адказваюць за мадэрнізацыю арміі, зазначае “Gazeta Wyborcza”.
вс
KRAB, foto: wikipedia