Экс-кіраўнікі ФІФА - у вышуку Інтэрпола
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
03.06.2015 15:58
Вялікабрытанія заклікае вярнуцца да абмеркаваньня ЧС-2018.
Джэк Уорнэр - былы кіраўнік Міжнароднай фэдэрацыі футбола, а таксама Нікалас Леас зь кіраўніцтва ФІФА трапілі ў вышук Інтэрпола.
Першы зь іх цяпер знаходзіцца на Трынідадзе й Табага. Другі - пад хатнім арыштам у сваім доме ў Парагваі.
У сьпіс Інтэрпола трапілі таксама чатыры кіраўнікі маркетынгавых кампаній, зьвязаных са спортам. Яны перасьледуюцца ўладамі ЗША, якія праводзяць расьсьледаваньне па справе хабару на суму больш чым 150 млн даляраў.
Тым часам кіраўнік Футбольнай асацыяцыі Вялікабрытаніі Грэг Дайк заклікаў вярнуцца да абмеркаваньня Чэмпіянату сьвету па футболе ў Расеі.
„Падзеі апошніх тыдняў усё ж прымусілі Блатэра сысьці ў адстаўку. Ён сышоў. Цяпер мы можам разабрацца зь ФІФА. Можна вярнуцца да абмеркаваньня гэтых двух чэмпіянатаў сьвету”, - сказаў Дайк ў эфіры „BBC News”.
Нагадаем, учора падчас прэс-канфэрэнцыі ў Цюрыху прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі футбола (ФІФА) Ёзэф „Зэп" Блатэр падаў у адстаўку. Гэта адбылося праз чатыры дні пасьля яго пераабраньня на гэтую пасаду й тыдзень пасьля пачатку карупцыйнага скандалу ў ФІФА.
gazeta.ru/аз