У сераду 22-га ліпеня суд Маскоўскага раёна Менска пастанавіў пазбавіць волі пяцёх футбольных фанатаў (ці псэўдафанатаў) клюба «Дынама-Мeнск». Пры гэтым пакуль праваабаронцы ведаюць прозьвішчы толькі траіх: Белага, Вараўко й Джумава.
Суд устанавіў, што ў жніўні 2014 года на станцыі мэтро «Грушаўка» фанаты нанесьлі дваім апанэнтам цяжкія цялесныя пашкоджаньні.
Вядома, што асуджаныя – удзельнікі фанацкай групоўкі «Нававілка». Лідар атрымаў аж 10 год пазбаўленьня волі. Яшчэ тры чалавекі – па дзевяць год.
Падчас суда вялася відэафіксацыя. Прысуд абвяшчаўся ў прысутнасьці АМАПу. Адкрытай інфармацыі пра сьледзтва й акалічнасьці здарэньня няма.
Другая гучная гісторыя – затрыманьне нібыта траіх фанатаў магілёўскага «Дняпра». Тыя, паводле вэрсіі сьледзтва, напалі на наведвальнікаў караоке-клюба «Гістэрыка» за песьню «День победы». У аднаго з пацярпелых пераломы сківіцы й рэбраў, у яшчэ траіх чалавек – ушыбы. Аднак ужо зразумела, што крымінальнай адказнасьці абвінавачаным не пазьбегнуць.
Футбольныя фанаты «Дняпра-Магілёў», праўда, адхрышчваюцца ад таго, што хуліганы маюць да іх дачыненьне. Абвяржэньне было зьмешчана на аўтарытэтным фанацкім рэсурсе belultras.by. Але міліцыя й журналісты дзяржвыданьняў настойваюць менавіта на тым, што гэта «футбольнікі» й што яны «маюць сувязі з украінскімі нэанацыстамі». Зноў-такі праваахоўнікі імкнуцца да таго, каб у СМІ трапляла як мага менш інфармацыі аб крымінальнай справе. З чаго б гэта!
Выказваюцца меркаваньні, што сытуацыя можа быць зьвязаная з хуткімі прэзыдэнцкімі выбарамі. Праваахоўнікі такім чынам дэманструюць свае дасягненьні ў барацьбе зь некантраляванымі ўладай сіламі. Хай сабе гэтыя сілы й не задумваюцца пра выбары ўвогуле й не зьбіраюцца зьвяргаць Лукашэнку.
Апошнія гучныя затрыманьні прайшлі ў сярэдзіне ліпеня ў Менску. Пры падтрымцы антытэрарыстычных падразьдзяленьняў «спакавалі» чатырох фанатаў неіснуючага ўжо клюба «Партызан». Вядома, што інцыдэнт здарыўся пасьля бойкі з ідэйнымі апанэнтамі, якія падтрымліваюць «Дынама-Менск».
Сястра аднаго з затрыманых перакананая, што хлопцаў зьмясьцілі ў вязьніцу без законных на тое падстаў. А каб напалохаць, праваахоўнікі прыдумалі наступную легенду:
Сястра затрыманага: Сьледчы сказаў, што яны пабілі хлопчыка, які напісаў на іх заяву. А да гэтага ён нібыта ляжаў у непрытомнасьці й толькі пару дзён таму ачуняў. Я пачала шукаць гэтага малога, знайшла. Ён сказаў, што ніякіх заяваў не пісаў.
Сястра затрыманага перакананая, што звычайны канфлікт між фанатамі выкарысталі для таго, каб падчас сьледзтва выбіць з затрыманых хоць нейкія зьвесткі.
Сястра затрыманага: Для звычайнай шараговай справы па артыкуле «хуліганства» створана цэлая сьледчая група. Гэта выклікае падазрэньні, што сытуацыя створана дзеля таго, каб хаця б за нешта зачапіцца й засадзіць іх.
Тым часам канкрэтныя абвінавачваньні фанатам былога «Партызана» пакуль ня высунулі. Але, як паказвае практыка, спадзявацца на беларускія законы ў палітызаваных справах не даводзіцца.
Сяргей Чыж