Logo Polskiego Radia
Print

Зарабляюць на хворых дзецях, а міліцыя не рэагуе

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 26.07.2015 07:11
  • падман.mp3
Па ўсёй Беларусі могуць дзейнічаць сеткі афэрыстаў, якія зьбіраюць грошы нібыта на хворых дзяцей.

/

Сёлета сем’і хворых дзяцей, якія зьбіраюць грошы на лячэньне праз дабрачынныя фонды, пачалі скардзіцца на падманшчыкаў, якія незаконна зарабляюць на іх дзецях. Праблема ў тым, што невядомыя раздрукоўваюць з інтэрнэта фота малых і просяць грошы ў пераходах і каля супэрмаркетаў. Беларусы ахвотна даюць. Але да дзяцей гэтыя грошы не даходзяць.

Асобаў з партрэтамі дзяцей стала так шмат, што іх складана не заўважыць. Размаўляем зь дзяўчынай, якая стаіць ля менскага супэрмаркета “Гіпа” з партрэтам хлопчыка.

Яна прадстаўляецца сястрой хворага віцябляніна Сяргея Якіменкі. Кажа, што на лячэньне ў Нямеччыне патрэбна 40 тысяч эўра. Дзяўчына называе сябе Марыяй Р.

Марыя Р.: Я зь Віцебска, але пакуль у Менску. Тут я зьвярталася па розных прадпрыемствах, фірмах. Людзі тэлефануюць. Хто мільён, хто 500 тысяч дае. Таму я пакуль тут, я нават не магу у Віцебск выехаць. Зьбіралі грошы праз “Кантакт”, сабралі 4000 эўра за год. І мы потым выдалілі адтуль старонку, таму што яе ўзламалі. У нас ёсьць рахункі ў беларускіх рублях, расейскіх, далярах.

Знаходзім Марыю Р. Праз сацыяльныя сеткі. У асабістай інфармацыі пазначана, што яна ня зь Віцебска, а з Гомеля. Дарэчы, пра хворага Сяргея Якіменку інфармацыі няма ні ў сацыяльных сетках, ні на старонках дабрачынных фондаў. Хутчэй за ўсё гэта фэйкавая асоба.

У пераходзе ля менскага ЦУМу гутарым зь іншай дзяўчынай, якая стаіць з партрэтам Мікалая М. Гэта ўжо рэальны дзіцёнак з Калінкавічаў. Дзяўчына адмаўляецца паказваць пашпарт, ня можа назваць дыягназ хлопчыка, расказвае толькі пра тое, колькі ўдаецца сабраць грошай.

Дзяўчына зь пераходу: За дзень калі 100 тысяч, калі 200, бывае, 350 тысяч рублёў. Усе дакумэнты ў мамы. Проста я як бы не адна. Мы сям’ёй сабраліся й зьбіраем. Я, напрыклад, тут стаю. Праўда, мы ня ўсе родныя. Як бы стаім і зьбіраем.

Мама хворай на ДЦП Дар’і С. кажа, што амаль кожны тыдзень ёй тэлефануюць людзі з розных куткоў Беларусі й паведамляюць пра невядомых з партрэтамі яе дачкі. Жанчына з гэтай нагоды зьвярталася ў міліцыю.

Мама Дар’і С.: Гэта нейкая група асобаў. Як мінімум іх трое. Ходзяць з плякатам дзіцёнка ў Заслаўі, Гомельскай і Гарадзенскай абласьцях. Мне здаецца, гэта нейкая сетка па ўсёй краіне. Мы пайшлі да намесьніка начальніка РУУС. Ён зноў-такі сказаў, што тут прыдрацца няма да чаго. Ён спытаўся: “Па якім артыкуле падманшчыцу можна прыцягнуць да адказнасьці?”

У праваахоўных органах не адмаўляюцца ад таго, што зьбіраць грошы такім падманным шляхам амаральна. Там ведаюць, што за адзін дзень адзін падманшчык атрымлівае ад 500 тысяч рублёў да мільёна. Але амаль немагчыма знайсьці людзей, якія ахвяруюць грошы падманшчыкам. Ды й для распачынаньня крымінальнай справы аднаму чалавеку трэба ахвяраваць ад 200 тысяч беларускіх рублёў. Мала хто столькі дае.

У той жа час ні міліцыя, ні Сьледчы камітэт, ні беларускія дэпутаты не заяўляюць пра тое, што падманшчыкі з партрэтамі дзяцей — гэта зьява, зь якой трэба рашуча змагацца. Праблема стаіць на месцы.

Сяргей Чыж, Менская вобласьць

фота аўтара

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт