Logo Polskiego Radia
Print

Як беларусы ўспрымаюць моду загараць аголенымі

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 22.08.2015 20:11
  • топлес.mp3
Міліцыя за гэта затрымлівае, а людзі часам гатовыя заступіцца за тых, хто супраць белых палосак на целе.
źr. Wikipedia/CC/Ppcumulet

Сёлетні жнівень усьцешыў беларусаў сапраўднай сьпёкай, якая трымалася блізу двух тыдняў. Для краіны гэта стала сапраўднай падзеяй. Інфармацыйная прастора разрывалася ад навінаў пра выпадкі на беларускіх пляжах. Не абышлося й без скандалаў.

Бадай самы гучны выпадак здарыўся на Заслаўскім вадасховішчы. Грамадзянам, якія загаралі на пляжы, не спадабалася, што байцы падразьдзяленьня “АМАП” затрымалі 60-гадовую жанчыну, якая загарала бяз станіка. Сьведкі згадваюць, што на яе паскардзілася іншая спадарыня, якая кожныя паўгадзіны некаму тэлефанавала. У выніку на пляжы зьявіліся байцы “АМАПу”.

Калі людзі паспрабавалі заступіцца за жанчыну, якая загарала бяз станіка, людзі ў пагонах ужылі фізычную сілу. Яны павалілі на пясок 45-гадовага спадара, які з-за пералому нагі быў з мыліцамі, і яго жонку, якой потым на рукі надзелі кайданкі. Сярод відавочцаў канфлікту былі юрысты й былыя міліцыянты. Яны зарыентаваліся й пачалі здымаць сытуацыю на відэа.

Адзін зь відавочцаў, спадар Алег, распавядае падрабязнасьці. Мужчына адзначае, што ад самага пачатку амапаўцы паводзілі сябе па-хамску.

Спадар Алег: Ну, падыйдзі, папярэдзь яе, скажы: “Апраніцеся ці ў наступны раз падыйдзем, пакараем”. Але прыйшлі і сказалі: “Сабрала рэчы, паехалі”. Мая жонка адпаведна пачала здымаць відэа. На гэта ёй сказалі: “Вы ўмешваецеся ў адміністратыўны працэс, едзеце з намі”. Ніхто нічога не тлумачыў. Было сказана: “Ну, раз ты такая разумная, значыцца ты затрымліваешся. А ня пойдзеце, значыцца, мы вас пацягнем”.

Чым скончацца разборы палётаў па выніках штурханіны на Заслаўскім вадасховішчы — не вядома. Праверка інцыдэнту праходзяць у міліцыі. Затрыманых людзей у суд пакуль ніхто не выклікаў. Але сам факт, што людзі заступіліся за жанчыну, што загарала бяз станіка, паказальны. Зьдзіўляе й інтарэс да гэтай тэмы з боку карыстальнікаў разнастайных форумаў. З гэтай нагоды цікавімся ў жыхароў Менскай вобласьці, як яны ставяцца да таго, што людзі загараюць на пляжы ў аголеным выглядзе.

Спадар Віктар, пэнсіянэр: У Гішпаніі гэта побач, у Францыі гэта побач. Трошкі толькі разьмяжоўваюць пляжы адпаведным чынам, вешаюць налепачку. І ўсё культурненька. Усё залежыць ад стэрэатыпаў насельніцтва.

Студэнткі Вера й Алена: Неяк некамфортна ўсім астатнім. Ёй та, можа, і някепска. Мы б прайшлі міма, міліцыю не выклікалі б. Праігнаравалі б мы. Але адчуваньні непрыемныя.

Спадарыня Людміла, супрацоўніца банку: Жанчына павінна выглядаць адпаведна. Гэта непрыстойна для іншых, а таксама для дзяцей, глядзець непрыемна.

Аляксандра, музыка: А як жа малююць карціны, дзе жанчына корміць грудзямі немаўля! Мы ходзім у нейкія тэатры, музэі, глядзім на гэтыя карціны, захапляемся, ставім ацэнкі. Мастакі эпохі Рэнэсансу малявалі паўаголеных жанчын. І ўсе захапляюцца. На грамадзкім пляжы можна трошкі далей адысьці, але я ў гэтым нічога страшнага ня бачу.

На некалькі дзён дыскусіі наконт здарэньня на пляжы Заслаўскага вадасховішча апярэдзілі такія гарачыя тэмы, як выбары й футбол. Выглядае, што многія беларусы — не такія ўжо пурытане, якімі іх прынята лічыць.

Дзеяньні байцоў спэцпадразьдзяленьня “АМАП” хоць і былі даволі агрэсыўнымі, але нагадалі культавую кінастужку “Жандарм з Сэн-Трапэ”, дзе герой Люі дэ Фюнэса паляваў на нудыстаў. Толькі гэтае кіно выйшла ў Францыі ў 60-х гадах мінулага стагодзьдзя. А ў Беларусі шырока абмяркоўваць правы й абавязкі людзей, што загараюць аголенымі, пачалі зараз — у 21-м стагодзьдзі.

Сяргей Чыж, Менская вобласьць

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт