Чэкавая лятарэя б’е рэкорды папулярнасьці
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
17.10.2015 15:14
Кожны, хто зарэгіструе чэк на адмысловым сайце, мае шанец выйграць каштоўны прыз.
www.flickr.com
5 мільёнаў 592 тысячы 300 чэкаў зарэгістравалі польскія пакупнікі на сайце чэкавай лятарэі, арганізатарам якой зьяўляецца Міністэрства фінансаў Польшчы. Кожны зарэгістраваны чэк прымае ўдзел у штомесячным розыгрышы аўтамабіля сямейнага кляса ды бытавой тэхнікі. Штоквартал дадаткова разыграецца аўто мэнаджарскага кляса.
Міністар фінансаў Матэвуш Шчурэк тлумачыць, што асноўная мэта чэкавай лятарэі - адукацыя падаткалатнікаў і прасоўваньне добрасумленнай канкурэнцыі. Мінфін спадзяецца таксама, што дзякуючы лятарэі павялічацца паступленьні ад падатку на дададзеную вартасьць (ПДВ).
Лятарэя стартавала 1 кастрычніка. Акцыя будзе працягвацца да канца верасьня 2016 году.
На лятарэю ведамства выдаткуе 7 млн злотых (1 млн 650 тыс. эўра).Чыноўнікі спадзяюцца, што гэтыя грошы аднак вернуцца ў бюджэт, бо пакупнікі будуць патрабаваць у прадаўцоў чэкаў, і ў сувязі з гэтым зьменшыцца ўкрыцьцё даходу і ў выніку павялічацца паступленьні ад ПДВ.
Паводле дадзеных Мінфіна Польшчы, толькі 7% палякаў патрабуюць у прадаўцоў выдаць чэк у выпадку, калі яго не атрымаюць.
аз