Logo Polskiego Radia
Print

Мясьніковіч: пасылкі з-за мяжы абвалілі гандаль

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 24.11.2015 07:02
Міхаіл Мясьніковіч прапаноўваў увесьці ПДВ на такія пасылкі з таварамі.
Beck Gusler/flickr.com

Ацэначны кошт пасылак з таварамі з-за мяжы, якія замаўляюць праз інтэрнэт-крамы, наўмысна заніжаецца. Пра гэта заявіў сёньня старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч на паседжаньні маніторынгавай групы па разглядзе праектаў указаў Лукашэнкі й законаў у Савеце Рэспублікі. Як паведамляе агенцтва БелТа, на якое спасылаецца Радыё Рацыя, старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што за першае паўгодзьдзе 2015 года жыхары Беларусі атрымалі 4 мільёны 400 тыс. пасылак з таварамі з-за мяжы. «Яны ацэньваюцца ў $ 5, $ 10 … Хоць насамрэч фактычны кошт зусім іншы, таму бюджэт недаатрымлівае ПДВ, мыта», – сказаў ён. Пры гэтым падкрэсьліў: «Я не супраць таго, каб куплялі гэта, але ідзе проста падробка фактычнага кошту. Гэта дазваляе пазьбягаць мыта, плацяжоў і гэтак далей».

Раней Міхаіл Мясьніковіч прапаноўваў увесьці ПДВ на такія пасылкі з таварамі, але з гэтым не пагадзіўся Нацбанк, спаслаўшыся на тое, што праграмнае забесьпячэньне не дазваляе зрабіць гэта.

«Я лічу, што гэта няправільны падыход і буду на гэтым настойваць. Калі мы прыходзім у краму, на касе прабіваюць ПДВ, і праграмнае забесьпячэньне спрацоўвае. Кожны пакупнік аплачвае падатак. У нас ёсьць рэгістрацыя на кожную пасылку. Пры яе ўручэньні цалкам можна гэтае пытаньне вырашыць», – дадаў Міхаіл Мясніковіч.

Старшыня Савета Рэспублікі таксама лічыць, што падобныя пасылкі абвалілі беларускі гандаль і стварылі праблемы для прамысловасьці. «І, вядома, гэта вялікія страты для бюджэту», – падкрэсьліў ён.

Нагадаем, 23 лістапада стала вядома, што Эўразійская эканамічная камісія абмяркоўвае ўвядзеньне новых збораў і пошлін. Існуе высокая верагоднасьць, што ўжо з 2016 года бязмытны парог на пасылкі з-за мяжы зьнізяць да 150 эўра, але й за такую пасылку давядзецца заплаціць дадаткова 25 эўра.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт