Сёньня ў Польшчы можна выйграць больш за 8 млн эўра
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
19.12.2015 11:46
Калі выйгрыш пакласьці ў банк на дэпазыт, то штомесячныя працэнты складуць 10 тыс. 600 эўра.
Mark Hodson Foto/flickr.com
Сёньня ў Польшчы можа павялічыцца колькасьць мільянэраў: у гульні Lotto – накапленьне грашовага прыза, сума якога складае 35 млн злотых (больш за 8 млн эўра). Лятарэя «6 з 49» зьяўляецца папулярнай сярод палякаў гульнёй. Калі 6 лічбаў правільна ўгадаюць некалькі чалавек, то сума дзеліцца на колькасьць пераможцаў. У выпадку, калі падчас лёсаваньня ніхто не ўгадае 6 лічбаў, то грашовы пул пераходзіць на далейшыя розыгрышы.
Спэцыялісты падлічылі, што калі выйгрыш у 35 млн злотых (мінус 10% падатку) пакласьці ў банк на дэпазыт, то штомесячныя працэнты складуць 10 тыс. 600 эўра.
У гісторыі Lotto найбольшы грашовы пул быў выйграны ў верасьні 2011 года. Яго сума склала 56 млн злотых (паводле сёньняшняга курсу гэта больш за 13 млн эўра). Тады «шасьцёрку» правільна ўгадалі двое чалавек, якія й падзялілі выйгрыш па палове.
Найбольшую суму адзін чалавек выйграў у жніўні бягучага года, і гэта было таксама 35 млн злотых.
Мінімальная гарантаваная сума для ўдзельнікаў гульні, якія адгадалі «шасьцёрку», складае 2 млн злотых (каля 470 тыс. эўра). Лёсаваньні Lotto адбываюцца тры разы на тыдзень.
вс