Мінабароны Польшчы прапануе ўзнагародзіць былога амэрыканскага шпіёна
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
10.02.2016 09:01
Міністар абароны хоча даць званьне генэрала Рышарду Кукліньскаму - польскаму афіцэру, які працаваў на спэцслужбы ЗША.
pl.wikipedia.org/Domena publiczna
Міністар нацыянальнай абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч зьвярнуўся да прэзыдэнта краіны з просьбай аб пасьмяротным прадстаўленьні палкоўніку Рышарду Кукліньскаму званьня генэрала. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў прэс-службе Міністэрства абароны.
Рышард Кукліньскі быў палкоўнікам Войска Польскага, намесьнікам начальніка апэратыўнага аддзелу генштабу. У 70-х гадах і пачатку 80-х ён перадаў амэрыканцам стратэгічныя ваенныя пляны Савецкага Саюза й Варшаўскай дамовы, у якіх знаходзілася інфармацыя пра магчымыя накірункі савецкага наступленьня на Эўропу. Кукліньскі таксама папярэдзіў амэрыканцаў аб намеры камуністычных уладаў увесьці ваеннае становішча, каб расправіцца з прафсаюзам «Салідарнасьць» у 1981 годзе.
У гэтым жа годзе палкоўнік Кукліньскі й яго сямʼя зьбеглі ў Злучаныя Штаты Амэрыкі. У арганізацыі ўцёкаў яму дапамаглі амэрыканскія спэцслужбы.
У ЗША Кукліньскі жыў пад чужым прозьвішчам. У 1984 годзе суд ПНР прысудзіў яго да сьмерці за здраду й шпіянаж. І толькі ў у 1995 годзе, ужо пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму ў Польшчы, гэтае рашэньне было адмененае, а Кукліньскі адноўлены ў чыне палкоўніка. Яго справа, аднак, не была зачыненая, а вернутая для перагляду ў ваенную пракуратуру.
Сьледзтва было спыненае ў 1997 годзе. Пракуратура пастанавіла, што Кукліньскі, працуючы для амэрыканскай выведкі, дзейнічаў на карысьць Польшчы.
Вясной 1998 году ў польскай амбасадзе ў Вашынгтоне палкоўнік атрымаў польскі пашпарт і неўзабаве наведаў Польшчу. З гэтага часу ён часта гасьціў на Радзіме.
Рышард Кукліньскі памёр 11 лютага 2004 году ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Яго прах быў пахаваны на варшаўскіх могілках «Павонзкі».
аз