ВК: У крызысе вінаватыя як папярэднія, так і цяперашнія ўлады
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
11.03.2016 16:19
Вэнэцыянская камісія абвясьціла сваю ацэнку спрэчкі паміж урадам і Канстытуцыйным судом.
Photo: PAP/Radek Pietruszka
Спад эфэктыўнасьці Канстытуцыйнага суду ў Польшчы можа ўплываць на стан дэмакратыі, правы чалавека й вяршэнства закона, чытаем у кароткім прэс-рэлізе Вэнэцыянскай камісіі. Ён агучаны перад публікацыяй канчатковай вэрсіі ацэнкі камісіі наконт зьменаў, якія новыя ўлады Польшчы ўвялі ў Закон аб дзейнасьці Канстытуцыйнага суду.
Вэнэцыянская камісія ў канфлікце паміж уладамі й Канстытуцыйным судом вінаваціць як папярэднія, так і цяперашнія ўлады Польшчы. Паводле камісіі, „абедзьве - папярэдняя й цяперашняя – парлямэнцкія большасьці зрабілі неканстытуцыйныя ўчынкі”.
Зьмена спосабу прыманьня рашэньняў (рэд. дзьве трэція галасоў) можа прывесьці да „неэфэктыўнасьці” працы Канстытуцыйнага суду, лічаць сябры камісіі.
На паседжаньні камісіі прысутнічала 9-асабовая дэлегацыя з Польшчы на чале зь віцэ-міністрам МЗС Конрадам Шыманьскім.
Сёньня раніцай сябры камісіі атрымалі адказ польскага ўрада на праект ацэнкі, які быў перададзены польскаму боку ў мінулым месяцы.
Нагадаем, пасьля таго як у студзені Эўрапейская камісія вырашыла афіцыйна прыглядзецца спрэчкам паміж новымі польскімі ўладамі й Канстытуцыйным судом, кіраўнік МЗС Польшчы зьвярнуўся ў Вэнэцыянскую камісію з просьбай аб выдачы ацэнкі на гэты конт.
У выніку ў Польшчу з двухдзённым візытам прыехалі прадстаўнікі камісіі.
Ацэнка Вэнэцыянскай камісіі неабавязковая да выкананьня, паколькі гэты орган Рады Эўропы, на самой справе, мае выключна дарадчы характар.
аз