Logo Polskiego Radia
Print

Польскія ўчастковыя стануць бліжэй да людзей

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 21.06.2016 09:29
Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі прадставіла праграму „Ўчастковы бліжэй да нас”.
Photo: PAP/Marcin Obara

Кожны дзясяты супрацоўнік паліцыі ў Польшчы будзе ўчастковым - гэта адзін з пунктаў праграмы „Ўчастковы бліжэй да нас”, зь якой пазнаёміла Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі.

Цяпер у Польшчы працуюць 8 тысяч участковых, але, як заявіў віцэ-міністар МУС Яраслаў Зяліньскі (Jarosław Zieliński), іх колькасьць будзе пасьлядоўна павялічвацца, у тым ліку за кошт ліквідацыі вакансіяў у паліцэйскіх участках.

У сваю чаргу кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Блашчак (Mariusz Błaszczak) заявіў, што функцыянэры павінны ўстаць з-за сталоў і больш часу праводзіць з людзьмі. У тым ліку яны павінны быць знаёмыя з жыхарамі й ведаць іх праблемы.

Міністар Блашчак нагадаў, што праграма „Ўчастковы бліжэй да нас” - гэта трэцяя важная зьмена ў працы паліцыі ў Польшчы побач з аднаўленьнем працы раней ліквідаваных паліцэйскіх участкаў і стварэньнем інтэрактыўнай Мапы пагрозаў бясьпецы. На гэтай мапе кожны грамадзянін будзе мець магчымасьць пазначыць месца, дзе паяўляюцца небясьпечныя зьявы.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт