Logo Polskiego Radia
Print

Віктара Шалкевіча звольнілі з Гарадзенскага абласнога тэатру лялек

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 27.06.2016 13:44
У сваю чаргу ў Гарадзенскім абласным тэатры лялек інфармацыю пра звальненьне абверглі.
Віктар Шалкевіч на канцэрце Віктар Шалкевіч на канцэрце commons.wikimedia.org/Serge Serebro/CC BY-SA 3.0

Гарадзенскі актор, паэт, бард і шоўмэн Віктар Шалкевіч звольнены з Гарадзенскага абласнога тэатру лялек, дзе быў адным зь вядучых актораў. Пра гэта паведаміла на сваім профілі ў адной з сацыяльных сетак «Гарадзенская бібліятэка».

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Шалкевіч дазволіў сабе вальнадумства са сцэны на канцэрце ў Горадні 10 чэрвеня, якое не спадабалася гарадзенскім ідэолягам і кіраўніцтву.

У сваю чаргу ў Гарадзенскім абласным тэатры лялек інфармацыю пра звальненьне абверглі.
«Віктар неўзабаве ідзе ў адпачынак, бо ў яго заплянаваныя свае выступы, але зь верасьня працягне працу ў тэатры», – запэўніла Марыя Шабашова, дырэктарка тэатру.
Яна падкрэсьліла, што чуткі пра звальненьне – гэта толькі чуткі, інфармуе «Наша Ніва».

Сам Віктар Шалкевіч пракамэнтаваў сытуацыю наступным чынам: «Я пакуль у адпачынку, а далей будзе бачна. Ва ўсякім выпадку, кантракт у мяне да наступнага года».

Віктар Шалкевіч нарадзіўся 9 лютага 1959 году ў Поразаве Гарадзенскай вобласьці.
Скончыў школу ў Поразаве, затым Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут у Менску (у 1980 годзе). Працаваў у Гарадзенскім абласным драматычным тэатры (1980–1987), выкладчыкам у Гарадзенскім культасьветвучылішчы (1987–1990). З 1990 году працуе ў тэатры лялек у горадзе на Нёмане.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт