Пуцін прыгразіў Фінляндыі з-за НАТО
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
02.07.2016 08:17
Пуцін падкрэсьліў, што Расея шануе нэйтральны статус Фінляндыі й ставіцца да яго з павагай.
PAP/EPA/MAURI RATILAINEN
Калі Фінляндыя ўступіць у НАТО, ня варта разьлічваць, што расейскія войскі, раней адведзеныя ад мяжы з Фінляндыяй, застануцца на ранейшых пазыцыях, заявіў прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін.
«Уявіце сабе, што Фінляндыя ўступіць у НАТО, гэта значыць, што фінскія войскі ўжо перастануць быць незалежнымі, перастануць быць сувэрэннымі ў поўным сэнсе гэтага слова, яны стануць часткай ваеннай інфраструктуры НАТО, якая раптоўна апынецца на межах РФ», – сказаў ён на прэс-канфэрэнцыя з прэзыдэнтам Фінляндыі Саўлі Нііністэ.
«Падумайце, мы так і будзем далей дзейнічаць? На паўтары тысячы кілямэтраў адвялі нашы войскі, так яны там і застануцца?» – задаў пытаньне Пуцін.
Ён падкрэсьліў, што Расея шануе нэйтральны статус Фінляндыі й ставіцца да яго з павагай.
Разам з тым ён заявіў, што Расея «ў любым выпадку з павагай паставіцца да любога выбару фінскага народа». Расейскі лідар адзначыў, што менавіта самі фіны павінны забясьпечваць сваю незалежнасьць й бясьпеку.
«Перафразуючы выказваньне аднаго з маіх фінскіх сяброў, мог бы сказаць, што арганізацыя НАТО, напэўна, з задавальненьнем бы ваявала з Расеяй да апошняга фінскага салдата. Вам гэта трэба? Нам – не, мы ня хочам, а вы самі вырашайце, што вам трэба», – заявіў пры гэтым Пуцін.
Нагадаем, раней паведамлялася, што прэзыдэнт Фінляндыі прапанаваў правесьці рэфэрэндум аб уступленьні ў НАТО.
корреспондент/вс