«Мы не намераныя зачыняць «Белсат»
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Alaksandar  Papko
                        
                        06.12.2016 14:07
                    
                                 
                
                
                    Польшча ня спыніць падтрымкі незалежным СМІ ўзамен за паляпшэньне стасункаў зь Менскам – заявіў старшыня Сэнату Польшчы.
                
                
                    
                         Aliaksandr Papko/radyjo.net
Aliaksandr Papko/radyjo.net
                     
                
                
                
               
                
                         Польскія ўлады не намераныя спыняць вяшчаньня тэлеканалу Белсат і спыняць падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі ўзамен на разьвіцьцё стасункаў з беларускімі ўладамі. Пра гэта заявіў сьпікер польскага Сэнату Станіслаў Карчэўскі пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх апазыцыйных партыяў і рухаў, а таксама грамадзянскай супольнасьці.
 
 
Сустрэча дэлегацыі польскага Сэнату з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі ій няўрадавых арганізацый. Менск, 6 сьнежня 2016 г.
 
Зь беларускага боку на сустрэчы з дэлегацыяй Сэнату Польшчы прысутнічалі прадстаўнікі Руху «За Свабоду», праваабарончага цэнтру «Вясна», партыяў БНФ і Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. Акрамя таго, на сустрэчу з польскімі сэнатарамі былі запрошаныя першы галава беларускай дзяржавы Станіслаў Шушкевіч і незалежная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.
«Ніякага гандлю зь беларускім урадам не было, не было такіх размоваў і такіх думак. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці выказалі падазрэньні (наконт магчымай ліквідацыі «Белсату» й скарачэньня падтрымкі іншых СМІ - А. П.), але гэтыя падазрэньні  мы разьвеялі», – заявіў Станіслаў Карчэўскі.
Сьпікер Сэнату Польшчы паведаміў, што з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі польскія парлямэнтары «правялі вельмі цікавую, і надзвычай патрэбную размову».
Дэлегацыя вышэйшай палаты польскага парлямэнту завяршае свой візыт у Беларусь. Пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці Станіслаў Карчэўскі наведаў філялягічны факультэт БДУ, дзіцячы анкалягічны шпіталь у Бараўлянах і ўсклаў вянкі на месцы пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах. На вечар заплянаваная сустрэча сьпікера польскага сэнату з прадстаўнікамі польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі.
Аляксандар Папко, Менск