У пасажыраў польскай чыгункі зьявіцца свой амбудсмэн
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
14.12.2016 07:37
Упаўнаважаны па правах пасажыраў чыгункі дапаможа вырашаць спрэчкі з перавозчыкам.
Photo:pixaby. com/ CC0 Public Domain
У пасажыраў польскай чыгункі зьявіцца свой амбудсмэн. Ён пачынае выконваць свае абавязкі з пачатку будучага году па прызначэньні старшыні Ўпраўленьня чыгуначнага транспарту.
Задачай амбудсмэна будзе дапамога пасажырам, якія ўвязаліся ў спрэчку з перавозчыкам. Гаворка ідзе, напрыклад, пра выпадкі, калі пасажыры патрабуюць ад чыгункі кампэнсацыі за спазьненьне цягніка або неадпаведныя паводзіны пэрсаналу. Паводле старшыні Ўпраўленьня чыгуначнага транспарту Ігнацыя Гуры (Ignacy Góra), упаўнаважаны па правах пасажыраў павінен рэагаваць хутка й эфэктыўна.
Ігнацы Гура: Найхутчэй зьвязацца з амбудсмэнам можна будзе шляхам электроннай заявы. Гаворка ідзе пра тое, каб спосаб кантакту быў неадкладны. Гэта таксама дазволіць амбудсмэну неадкладна рэагаваць.
Караль Класоўскі (Karol Kłosowski) з Упраўленьня чыгуначнага транспарту падкрэсьлівае, што ўпаўнаважаны па правах пасажыраў чыгункі будзе пасярэднікам паміж перавозчыкам і пасажырам.
Караль Класоўскі: Упаўнаважаны пакажа пасажыру накірунак адстойваньня сваіх правоў у перавозчыка. Гэта ён пачне перамовы з чыгункай і будзе весьці справу.
Тэрмін паўнамоцтваў упаўнаважанага па правах пасажыра чыгункі будзе складаць 5 гадоў.
аз