Logo Polskiego Radia
Print

Як усходнеэўрапейскім фірмам дабіцца посьпеху на кітайскім рынку?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 11.05.2017 18:53
Кітайцы становяцца багацейшымі, таму патрабуюць усё больш высокатэхналягічных тавараў і якасных паслугаў – кажуць экспэрты.
Намесьнік дырэктара Азіяцкага банку інфраструктурных інвэстыцыяў Радаслаў Пыфель (у цэнтры) расказвае пра сетары эканомікі, у якія інвэстуе кітайскі бізнэс у Эўропе. ІХ Эўрапейскі эканамічны кангрэс, Катавіцэ 2017 г.Намесьнік дырэктара Азіяцкага банку інфраструктурных інвэстыцыяў Радаслаў Пыфель (у цэнтры) расказвае пра сетары эканомікі, у якія інвэстуе кітайскі бізнэс у Эўропе. ІХ Эўрапейскі эканамічны кангрэс, Катавіцэ 2017 г.Aliaksandr Papko/radyjo.net

Дабрабыт кітайцаў расьце, таму яны зьмяняюць свае спажывецкія звычкі. Зьмяняюць свае паводзіны й кітайскія кампаніі, якія пачынаюць актыўна інвэставаць за мяжой. Якія новыя магчымасьці для эўрапейскіх фірмаў адкрываюць перамены на велізарным кітайскім рынку? У якія фірмы інвэстуюць кітайскія бізнэсмэны? Якіх прадуктаў патрабуюць кітайскія спажыўцы? Гэтыя тэмы абмяркоўвалі ўдзельнікі дыскусіі «З глябальнай пэрспэктывы: супрацоўніцтва паміж Кітаем і Цэнтральнай Эўропай», якая прайшла ў рамках ІХ Эўрапейскага эканамічнага кангрэсу ў польскім горадзе Катавіцэ. На дыскусіі пабываў Аляксандар Папко.

«Раней кітайскія кампаніі інвэставалі пераважна на кітайскім рынку. Цяпер Кітай інвэстуе глябальна, а мы заахвочваем прадпрымальнікаў выходзіць па-за межы Кітая», – заявіла на ІХ Эўрапейскім эканамічным кангрэсе Жаа Гуахонг (Zhao Guohong) – прадстаўніца Нацыянальнага сходу кітайскай правінцыі Ляанін.

Кітай інвэстуе на эўрапейскім кантынэнце з канца 1990-х гадоў. Пры гэтым, кітайскі бізнэс не ўкладае грошы ў пабудову новых заводаў, а набывае акцыі ўжо існуючых кампаніяў. Такім чынам кітайскія фірмы атрымліваюць доступ да эўрапейскіх рынкаў і новыя тэхналёгіі – тлумачаць экспэрты. Больш за ўсё кітайскіх інвэстараў цікавяць высокатэхналягічныя прадпрыемствы.

Год таму кітайская кампанія Midea набыла нямецкую фірму KUKA – сусьветнавядомага вытворцу прамысловых робатаў. У Швэцыі 7 гадоў таму кітайская кампанія Geely набыла вытворцу аўтамабіляў Volvo. У апошнія гады характар кітайскіх інвэстыцыяў у Эўропе заўважальна зьмяніўся – кажа дырэктар кітайскага дэпартамэнту банкаўскай групы HSBC Сью Эн Тай (Sue Anne Tay). Раней фірмы з Паднябеснай набывалі кампаніі, якія займаліся нізкатэхналягічнай вытворчасьцю. Цяпер жа яны купляюць hi-tech фірмы, і кампаніі, якія прадстаўляюць паслугі – кажа Сью Эн Тай.

/

Сью Эн Тай: 10-15 гадоў таму інвэстары цікавіліся фірмамі, якія здабывалі сыравіну, напрыклад горназдабываючымі кампаніямі. Аднак кітайская эканоміка расьце й становіцца ўсё больш складанай. Мы бачым, як кітайскія прадпрыемствы выходзяць на замежныя рынкі й пачынаюць цікавіцца паслугамі: нерухомасьцю, фінансамі, забаўляльнай індустрыяй. І эўрапейскі краіны атрымалі ад гэтага шмат выгады. Кітайскія інвэстары ўклалі шмат сродкаў у італьянскую вытворчасьць вопраткі. Францыя й Нямеччына прыцягнулі шмат інвэстыцыяў у высокія тэхналёгіі. Я думаю, цікавым рынкам для кітайскіх інвэстараў становіцца й Цэнтральная Эўропа.

У 2016 годзе кітайскія фірмы інвэставалі ў Польшчу 400 мільёнаў эўра – гэта больш, чым за 15 папярэдніх гадоў разам узятых. Кітайцы купляюць акцыі банкаў, укладаюць грошы ў інфраструктуру, энэргетычны сэктар і тэлекамунікацыі. З інвэстыцыямі ў адваротным накірунку справы выглядаюць значна горш.

Фірмам з Польшчы, Чэхіі ці Вугоршчыны інвэставаць у Кітаі ці проста прадаваць туды прадукцыю складана з-за вялікіх адлегласьцяў, культурных бар’ераў і няведаньня кітайскіх рэаліяў. Каб прабіцца на кітайскі рынак, трэба быць гатовым прапанаваць вялікія колькасьці прадукцыі, а гэта далёка не заўсёды пад сілу сярэднім фірмам з Цэнтральнай Эўропы.

Якіх тавараў патрабуюць кітайскія спажыўцы? – пытаемся мы ў Сью Эн Тай.

Сью Эн Тай: Кітайскі рынак настолькі вялікі, што вельмі цяжка сказаць, што яму патрэбна, а што не. Напрыклад, у польскіх фірмаў вялікі патэнцыял у сельскай гаспадарцы, вытворчасьці мэдыцынскага абсталяваньня й машынабудаваньні. Вельмі важна зразумець, якія тэндэнцыі падштурхоўваюць кітайскі спажывецкі рынак. Кітайцы патрабуюць усё больш паслугаў і спэцыялізаваных тавараў. Кітайскія спажыўцы ахвотна купляюць імпартныя рэчы.

З 2013 году Кітай рэалізуе вялікі праект Новага шаўковага шляху. Транспартная інфраструктура, пабудаваная ўздоўж некалькі сухапутных і марскіх маршрутаў, павінна значна павялічыць аб’ём гандлю паміж Кітаем і Заходняй Эўропай і ў разы скараціць час дастаўкі тавараў. Пабудове Новага шаўковага шляху прысьвечаны саміт «Адзін пояс-адзін шлях», які пройдзе ў сярэдзіне траўня ў Пэкіне. На перамовы ў галіне інвэстыцыяў і інфраструктуры прыедуць кіраўнікі ўрадаў 29 дзяржаваў.

Ключавое значэньне ў пабудову Новага шаўковага шляху маюць краіны Цэнтральнай Эўропы, асабліва Польшча. Менавіта празь яе на Захад павінна пайсьці большасьць цягнікоў з кітайскімі таварамі. Заняць значнае месца ў транспартным калідоры імкнецца й Беларусь. Аднак аб’ём грузаў, якія пройдуць праз беларускую тэрыторыю, наўпрост залежыць ад таго, якія прыярытэты ў разьвіцьці інфраструктуры выбярэ Польшча. Пра гэта расказвае грузінскі незалежны аналітык у галіне энэргетыкі й транзыту Ліяна Джэрвалідзэ.

/

Ліяна Джэрвалідзэ: Польшча асьцерагаецца Расеі. Паколькі чыгуначныя шляхі зь Беларусі ідуць праз Расею, то магчымая залежнасьць ад Масквы выклікае ў Польшчы непакой. Калі польскія ўлады прымуць рашэньне не выкарыстоўваць разьвітай транспартнай інфраструктуры, якая ідзе з усходняга напрамку, то застануцца толькі шляхі, якія ідуць з Украіны і Паўднёвага Каўказу. Аднак прапускная здольнасьць чыгункі на Паўднёвым Каўказе вельмі малая. Трэба будзе будаваць новую інфраструктуру.

Як дабіцца посьпеху на кітайскім рынку? «Трэба ўсьведамляць, што ў прыхільнасьцях кітайскіх спажыўцоў адбываюцца істотныя зьмены», – падкрэсьлівае Сью Эн Тай. Кітайцы цяпер жадаюць спажываць высакаякасныя тавары й спэцыялізаваныя паслугі.

«Трэба зьвяртаць увагу на розьніцу паміж рынкамі», – раіць намесьнік дырэктара Азіяцкага банку інфраструктурных інвэстыцыяў Радаслаў Пыфель (Radosław Pyffel). Напрыклад, як узровень канкурэнцыі, так і ўзровень тэхнічнага разьвіцьця кампаніяў у Шанхаі нашмат вышэйшыя, чым у бяднейшых заходнекітайскіх правінцыях.

Таксама трэба выпрацаваць нацыянальную марку. Напрыклад, кітайцы ахвотна купляюць любыя нямецкія прадукты, бо ведаюць пра славутую нямецкую якасьць. «Трэба, каб кітайскі спажывец меў хоць нейкае ўяўленьне пра тое, што хаваецца за лэйблам made in Poland ці таварным знакам любой іншай краіны рэгіёну – кажа Сью Эн Тай.

/

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт