Logo Polskiego Radia
Print

Над адвакатамі «Справы патрыётаў» падвесілі дамоклаў меч

Czwórka
Alaksandar Papko 26.09.2017 18:39
  • Над адвакатамі «Справы патрыётаў» падвесілі дамоклаў меч.mp3
«Пецярых адвакатаў Мін’юст пераатэставаў толькі «умоўна»; у такіх абставінах выключана, што суд будзе аб’ектыўным».
Постэр кампаніі #ПатрыётНеЗлачынца. Фота са старонкі Ніны Шыдлоўскай у Фэйсбуку. Постэр кампаніі #ПатрыётНеЗлачынца. Фота са старонкі Ніны Шыдлоўскай у Фэйсбуку. #ПатрыётНеЗлачынца

Беларускія ўлады працягваюць ціснуць на адвакатаў, якія абараняюць фігурантаў «Справы патрыётаў». Пасьля таго, як абаронцу Міраслава Лазоўскага Ганну Бахціну пазбавілі права займацца адвакацкай дзейнасьцю, пад пагрозай апынуліся кар’еры яшчэ пецярых юрыстаў. Беларускія ўлады перайшлі да жорсткіх мэтадаў падаўленьня іншадумства і магчымых пратэстаў. Пад ціскам знаходзяцца ня толькі фігуранты справы аб стварэньні «незаконнага ўзброенага фармаваньня», але й прафсаюзныя дзеячы, а таксама актывісты левага руху. Сытуацыю тлумачыць намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

25 верасьня кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі Беларусі правяла другі этап пазачарговай атэстацыі адвакатаў зь Менскай і Магілёўскай абласьцей. Камісія пераатэставала пецярых адвакатаў, а ў стасунку да васьмярых прыняла рашэньне аб паўторнай атэстацыі праз паўгода «пры ўмове выкананьня рэкамэндацыяў». Пяцёра з гэтых «умоўна атэставаных» юрыстаў абараняюць фігурантаў «Справы патрыётаў». Мін’юст павесіў над галовамі адвакатаў дамоклаў меч – тлумачыць намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Ціск на адвакатаў пазбаўляе ўвесь працэс аб’ектыўнасьці, і вынесенае рашэньне ня будзе лічыцца згодным з прававымі нормамі – кажа праваабаронца.

Валянцін Стэфановіч: У «Справе патрыётаў» 16 абвінавачаных. Адвакаты пецярых зь іх маюць «умоўную» атэстацыю. Адзін адвакат пазбаўлены ліцэнзіі. Мы ўспрымаем гэта як адназначны ціск на адвакатаў, выкліканы тым, што яны абараняюць фігурантаў палітычна матываваных справаў. Мы расцэньваем гэта як парушэньне аднаго з асноўных прынцыпаў правасудзьдзя – права на абарону. У такіх абставінах выключана, што суд будзе аб’ектыўным. Праваабаронцы дадуць адпаведныя ацэнкі і самой крымінальнай справе, і прысуду, які, магчыма, будзе вынесены.

21 сакавіка Сьледчы камітэт Беларусі на паўгода працягнуў сьледзтва па справе «аб стварэньні незаконнага ўзброенага фарміраваньня». Праз 5 дзён фігуранты рэзананснай справы апублікавалі адкрыты ліст. Яны пратэстуюць супраць пазбаўленьня адвакацкай ліцэнзіі Ганны Бахціной – абаронцы аднаго з абвінавачаных Міраслава Лазоўскага.

«Мы па-ранейшаму заяўляем аб сваёй невінаватасьці й перакананыя: як самі арышты, так і надуманыя абвінавачваньні ў крымінальных злачынствах, што сталі падставай для «Справы патрыётаў», – гэта цалкам палітычнае рашэньне», – заяўляюць 15 фігурантаў палітычнага працэсу, якя паставілі свой подпіс пад зваротам.

«Адкрыты ліст быў напісаны яшчэ да таго, як сталі вядомымі вынікі пераатэстацыі адвакатаў, праведзенай Мін’юстам, але заявы падпісантаў супадаюць з нашымі назіраньнямі», – зазначыў Валянцін Стэфановіч.

Улады аказваюць ціск ня толькі на фігурантаў «Справы патрыётаў» ды іх абаронцаў. Пад прэсінгам апынуліся актывісты левых рухаў.

Раніцай 26 верасьня супрацоўнікі крымінальнага вышуку правялі ператрусы ў доме эколяга Марыны Дубінай, журналісткі Марыны Кастылянчанкі й некалькіх актывістаў анархісцкага руху. Міліцыя й спэцслужбы канфіскавалі кампутары, мабільныя тэлефоны й кнігі. Ці да «Справы патрыётаў» неўзабаве можа дадацца новая «Справа анархістаў»?

Валянцін Стэфановіч: Цяжка сказаць, што мы атрымаем у выніку гэтых дзеяньняў. Ператрусы адбываюцца ў рамках крымінальнай справы, якая была ўзбуджана па факце зьнішчэньня бігборда ў Івацэвічах шляхам яго падпалу. Магчыма, міліцыя шукае датычных да гэтага людзей. А верагодней за ўсё, сілавікі выратоўваюць гэтую нагоду, каб у чарговы раз правесьці ператрусы ў прадстаўнікоў левых рухаў. Верагодна, гэта робіцца, каб назьбіраць доказы для ўзбуджэньня іншых справаў. Мы нярэдка сутыкаемся з сытуацыяй, калі канфіскуецца літаратура, якая затым прызнаецца экстрэмісцкай. Ворганы цікавіць збор дадзеных адносна тых, хто можа быць датычны да левых рухаў.

Да сацыяльных пратэстаў вясны гэтага году беларускія ўлады ўстрымліваліся ад арыштаў грамадзкіх актывістаў і ўзбуджэньня крымінальных справаў. Цяпер назіраецца абсалютна іншая сытуацыя – тлумачыць Валянцін Стэфановіч. У краіне ідуць ужо два палітычна матываваныя працэсы – гэта «Справа патрыётаў» і «Справа Прафсаюзу РЭП».

«Улады не адмовіліся ад рэпрэсіўных мэханізмаў, і калі яны ацэньваюць палітычную сытуацыю як небясьпечную для сябе, то ўключаюць гэтыя мэханізмы напоўніцу. Цяпер ўлады вырашылі трымаць грамадзтва ў пастаянным напружаньні», – лічыць праваабаронца.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт