Logo Polskiego Radia
Print

Польская кампанія выйграла тэндэр на пастаўку ў Вільню аўтобусаў

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 10.10.2017 16:22
Фірма Solaris Bus & Coach паставіць у летувіскую сталіцу 150 гарадзкіх машын на 40,5 млн эўра.
Solaris Urbino 18Solaris Urbino 18фота: Solaris Bus & Coach

Польская кампанія Solaris Bus & Coach выйграла тэндэр на пастаўку ў Вільню аўтобусаў. Палякі паставяць у летувіскую сталіцу 150 гарадзкіх машын. Крэдытаваць праект будзе банк Luminor.

Карэспандэнту Польскага радыё паведамілі ў мэрыі Вільні, что прапанова польскага вытворцы аказалася найбольш прымальнай з фінансавага пункту гледжаньня. Паводле кантракту, першая партыя аўтобусаў павінна прыбыць у Вільню на працягу 158 дзён ад падпісаньня кантракту, а цягам 272 дзён пастаўкі павінны завяршыцца.

Вільня заказала 100 двухосных ды 50 двухсэкцыйных аўтобусаў (так званыя аўтобусы-«гармошкі»). Агульная сума кантракту – 40 млн 500 тыс. эўра.
У верасьні мэрыя Вільні паведаміла, што фірма Solaris Bus & Coach выйграла тэндэр на пастаўку 41 тралейбуса.

На дадзены момант у парку Вільні 389 аўтобусаў і 252 тралейбусы. Сярэдні ўзрост аўтобусаў складае каля 15 гадоў, некаторым жа тралейбусам – больш за 21 год. Штодзень гарадзкі транспарт Вільні перавозіць каля 500 тыс. пасажыраў.

Кампанія Solaris Bus & Coach была заснаваная пад заходнепольскім горадам Познань у 2001 годзе. Фірма выпускае аўтобусы, тралейбусы й трамваі. Тэхніку польскай фірмы можна сустрэць на вуліцах многіх эўрапейскіх гарадоў.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт