Польшча-другая ў Эўразьвязе па колькасьці жанчынаў-кіраўнікоў
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
22.11.2017 14:29
Роля жанчынаў у польскім грамадзтве значна павысілася за апошнія 15 гадоў.
pixabay.com/Public Domain/CC0
У Польшчы кожная пятая сям’я знаходзіцца на ўтрыманьні жанчыны – піша Dziennik Gazeta Prawna. Роля жанчынаў у польскім грамадзтве значна павысілася за апошнія 15 гадоў.
Згодна з дасьледаваньнямі Галоўнага статыстычнага ўпраўленьня Польшчы (GUS) у 21% сем’яў галоўны ўклад у сямейны бюджэт робяць жанчыны. Калі дадаць да статыстыкі маці, якія выхоўваюць дзяцей у адзіночку, то доля сямей, якія ўтрымліваюць жанчыны, стане яшчэ большай – 39%.
Рост заробкаў жанчынаў зьвязаны з тым, што ўсё больш зь іх атрымлівае вышэйшую адукацыю. Сёньня дамаў з унівэрсытэцкімі дыплёмамі ў Польшчы на 69% больш, чым 10 гадоў таму. Жанчынаў з вышэйшай адукацыяй цяпер на 42% больш, чым мужчынаў. Вынікам павышэньня ўзроўню адукацыі стала павелічэньне долі жанчынаў на вышэйшых кіроўных пасадах у фірмах і дзяржустановах. Згодна з дадзенымі эўрапейскай статыстычнай службы Eurostat, 41% кіраўнічых кадраў у Польшчы складаюць жанчыны. Паводле гэтага паказчыку Польшча знаходзіцца на другім месцы ў Эўразьвязе – адразу пасьля Латвіі, дзе жанчыны займаюць 47% кіраўнічых пасадаў.
Аднак грошы не вырашаюць сямейных праблемаў – канстатуюць журналісты Dziennik Gazeta Prawna. Нягледзячы на тое, што заробкі жанчынаў растуць, патрабаваньні, якія грамадзтва ім прад’яўляе, застаюцца ранейшымі. Надалей выхаваньнем дзяцей у польскіх сем’ях займаюцца пераважна жанчыны. Толькі ў 27% сем’яў бацькоўскія абавязкі ў роўнай ступені выконваюць мамы й таты.
Dziennik Gazeta Prawna/ап