Выбары 2015 году ў Беларусі, а таксама прэзыдэнцкая кампанія, якая пачынаецца ў Расеі, паказваюць новую палітычную тэндэнцыю. Улады пачалі выкарыстоўваць жанчынаў у якасьці «спарынг-партнэраў», якія павінныя запэўніць кіраўнікам дзяржаваў «элегантную перамогу». Зь якімі мэтамі Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін выстаўляюць у якасьці контр-кадыдатаў менавіта жанчынаў? Якія вынікі гэта прынясе для грамадзтва? Адказы на гэтыя пытаньні на дыскусіі ў Беларускім доме ў Варшаве шукалі экспэрткі ды экспэрты ў галіне сацыяльных навук.
Эпоха «каляровых рэвалюцыяў» мінула, і аўтарытарныя рэжымы ў Беларусі ды Расеі выглядаюць непахіснымі, як скала. Ім не пагражаюць масавыя пасьлявыбарчыя палітычныя пратэсты. Пры гэтым як Алякскандар Лукашэнка, так і Ўладзімер Пуцін дапускаюць да выбараў усё больш слабых кандыдатаў, ня здольных аб’яднаць вакол сябе значную частку насельніцтва – мяркуе кіраўнік Цэнтру палітычнага аналізу й прагнозу Павал Усаў.
Апазыцыйным кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году ў Беларусі стала прадстаўніцу грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Тацьцяна Караткевіч. У Расеі жа галоўным апанэнтам Уладзімера Пуціна рыхтуецца стаць тэлезорка Ксенія Сабчак. Пры гэтым апазыцыйнаму лідару Аляксею Навальнаму Крэмль удзельнічаць у выбарах не дазволіў. Чаму як Пуцін, так і Лукашэнка паставілі на жанчынаў?
Абодва аўтарытарныя лідары вырашылі зрабіць кіраваныя прэзыдэнцкія выбары яшчэ больш кіраванымі – мяркуе палітоляг Павал Усаў. Хоць палітычныя праціўнікі даўно зачышчаныя, галовы дзяржаваў маюць падставы для непакою. Эканамічная сытуацыя ў Расеі й Беларусі пагаршаецца, таму падчас выбараў могуць успыхнуць сацыяльныя пратэсты.
Мяккая жанчына-кандыдат, якая не заклікае на барыкады – гэта ідэальны спарынг-партнэр, які зводзіць рызыка пратэстаў да мінімуму, лічыць палітоляг Павал Усаў.
Павал Усаў: Удзел жанчынаў у выбарах у аўтарытарных краінах зьвязаны з тым, што ўлады хочуць, каб працэс заставаўся абсалютна падкантрольным. Заўсёды могуць узьнікнуць непрадказальныя сытуацыі, сацыяльныя выбухі. А жанчыны, як паказвае, перш за ўсё, прыклад Беларусі, не гараць жаданьнем арганізоўваць нейкія рэвалюцыі ці ісьці на вострае супрацьстаяньне з аўтарытарнымі лідарамі. Таму іх перамога становіцца больш «элегантнай».
Акрамя таго, удзел жанчынаў робіць «выбары» з прадказальным вынікам менш нуднымі і дазваляе павысіць яўку. Што вельмі важна – ён дазваляе палепшыць вобраз аўтарытарнага рэжыму ў вачах заходняй аўдыторыі – кажа расейскі палітоляг, асьпірантка Польскаі̆ акадэміі навук Вольга Лаўрыненка.
Вольга Лаўрыненка: У аўтарытарнай краіне, якая заўсёды асацыюецца зь нечым прыгнятаючым, раптам узьнікае мяккі жаночы вобраз. Таму адносіны да рэжыму могуць памяняцца. Міжнародныя арганізацыі, якія назіраюць за выбарамі, напрыклад АБСЭ, ацэньваюць перш за ўсё працэдуры. Таму калі адным з кандыдатаў становіцца жанчына, то ў АБСЭ складваецца ўражаньне, што выбарчы працэс стаў больш дэмакратычным.
Навошта жанчыны з асяродзьдзя апазыцыі пагаджаюцца ўдзельнічаць у імітацыі выбараў? У адным выпадку яны робяць гэта пад ціскам атачэньня, у іншым – дзеля ўласнага піяру, тлумачыць Павал Усаў.
Павал Усаў: Цяжка параўноўваць Тацьцяну Караткевіч з Ксеніяй Сабчак. Я думаю, матывацыя ў іх радыкальна розная. І раней не адчувалася, і цяпер не адчуваецца, што Караткевіч – гэта незалежная постаць. Яе думкі – гэта думкі людзей, якія яе акружаюць. Яна не зьяўляецца самастойнай нават у пляне ідэяў. А для Ксеніі Сабчак надзвычай важны ўласны піяр. Яе ўдзел у палітычным жыцьці менш зьвязаны зь яе грамадзянскай пазыцыяй, а больш зьвязаны з тым, што яна любіць увагу й жадае прыцягнуць больш увагі да сваёй асобы.
Варта зазначыць, што аўтарытарныя рэжымы як у Беларусі, так і Расеі, вельмі панізілі ролю жанчыны ў палітыцы – кажа дасьледчыца EAST Center Вераніка Лапуцька. Напрыклад, у Беларусі ўсе пасады, зьвязаныя з прыняцьцем адказных рашэньняў, займаюць мужчыны. Калі ў дзяржапараце сустракаюцца жанчыны, то яны граюць ролю верных і паслухмяных выканаўцаў. Прыкладамі могуць паслужыць кіраўнік Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына ці былая старшыня Нацбанку Надзея Ермакова.
Стары стэрэатып пра тое, што жанчына ня можа быць грамадзкім лідарам, Аляксандар Лукашэнка падтрымлівае нават сваімі паводзінамі на публіцы – кажа сацыёляг.
Вераніка Лапуцька: Кіраўнік Беларусі ніколі не паказваўся разам са сваёй жонкай. Ніхто дакладна ня ведае, хто яго партнэрка – на гэты конт заўсёды кружаць плёткі. На афіцыйныя мерапрыемствы нават яго сыны прыходзяць без сваіх жонак. Калі такія сыгналы высылаюцца з самага верху, то такія адносіны да жанчынаў пераймае ня толькі насельніцтва але і дзяржаўны апарат.
Калі аўтарытарны рэжымы ў Беларусі й Расеі пераконваюць, што жанчына ня можа быць паўнавартасным лідарам, то ва Ўкраіне роля жанчынаў у грамадзкім і палітычным жыцьці расьце – зазначае дактарантка Люблінскга Ўнівэрсітэту імя Марыі Складоўскай-Кюры Аляксандра Іванюк. Старыя савецкія стэрэатыпы паволі зьнікаюць, калі іх не падтрымліваюць палітыкі вышэйшага ўзроўню – мяркуе палітоляг.
Аляксандра Іванюк: Прыклад Украіны паказвае, што жанчыны паволі, але заўважальнымі тэмпамі, павялічваюць прысутнасьць у палітыцы, у працэсе прыняцьця рашэньняў. У цяперашнім парлямэнце Ўкраіны колькасьць жанчынаў найбольшая за ўсю гісторыю. Іх 52, што складае 12% дэпутатаў. Цяпер ёсьць ідэя павялічыць колькасьць жанчынаў у парлямэнце пры дапамозе сыстэмы квотаў. Мы бачым, што стэрэатыпы пра тое, што жанчына не зьяўляецца дастаткова валявой ці самастойнай, адыходзяць. Пасьля Рэвалюцыі годнасьці колькасьць жанчынаў вырасла ня толькі ў палітыцы, але і на кіраўнічых пасадах у няўрадавых арганізацыях. Гэта вельмі добры знак, і я думаю, што ўдзел жанчынаў будзе толькі павялічвацца.
Удзел жанчынаў у імітацыі выбараў – гэта сэзонная мода ў Расеі й Беларусі, альбо ўлады гэтых дзяржаваў зробяць жынчынаў-кандыдатак неад’емнай часткай выбарчага спэктаклю?
Аўтарытарныя кіраўнікі робяць усё, каб пасьля выбараў пазбавіць кандыдатаў палітычнага капіталу. З вялікай доляй верагоднасьці можна сказаць, што сярод удзельнікаў наступных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ўжо ня будзе Тацьцяны Караткевіч – лічыць Вераніка Лапуцька. Тое самае можна сказаць і пра Ксенію Сабчак.
На кожныя выбары ўлады і ў Беларусі, і ў Расеі прыдумваюць новую пастаноўку. У гэтым сэзоне модныя спэктаклі з жанчынамі. Аднак вельмі верагодна, што ў наступнай пастаноўцы жаночых роляў прадугледжана ня будзе – лічыць сацыёляг Вераніка Лапуцька.
Аляксандар Папко