Logo Polskiego Radia
Print

Прэм’ерам Польшчы стане спэцыяліст па фінансах і эўраінтэграцыі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 08.12.2017 13:41
  • Прэм’ерам Польшчы стане спэцыяліст па фінансах і эўраінтэграцыі.mp3
Новы прэм’ер Матэвуш Маравецкі празь месяц можа правесьці кадравыя зьмены ва ўрадзе.
Матэвуш МаравецкіМатэвуш МаравецкіPAP/EPA/Zsolt Szigetvary

Партыя «Права й справядлівасьць», якая мае парлямэнцкую большасьць, вылучыла кандыдатам на пасаду прэм’ера Матэвуша Маравецкага. Ён павінен прыйсьці на замену Бэаце Шыдла, якая падала ў адстаўку ў чацьвер. Да якіх зьменаў у польскай палітыцы прывядзе зьмена прэм’ера? Перастаноўкі ва ўрадзе камэнтуюць польскія палітыкі.

Прэм’ер Польшчы Бэата Шыдла (Beata Szydło), якая займала сваю пасаду з восені 2015 году, сыходзіць у адстаўку. У пятніцу кіраўнік ураду выступіла перад дэпутатамі Сэйму й афіцыйна аб’явіла пра сваё рашэньне. Бэата Шыдла падзякавала парлямэнтарам за супрацоўніцтва. Пры гэтым яна заявіла, што не пакіне ўраду й будзе выконваць там важныя функцыі.

Бэата Шыдла: Я хачу падзякаваць сваім суайчыньнікам за тое, што вы падтрымлівалі наш урад, за вашыя галасы ў выбарчай кампаніі. Я ўсьведамляю адказнасьць за той гістарычны момант, у якім знаходзіцца Польшча, і таму застаюся ва ўрадзе, каб разам з партыяй «Права й справядлівасьць» праводзіць добрыя перамены ў Польшчы.

Бэата Шыдла падала заяву аб адстаўцы ў чацьвер на паседжаньні палітычнага камітэту сваёй партыі «Права й справядлівасьць». Кіраўніцтва партыі прыняло адстаўку. «Права й справядлівасьць» на працягу некалькіх месяцаў плянавала правесьці перастаноўкі ва ўрадзе.

На пасадзе прэм’ера Бэату Шыдла павінен замяніць цяперашні міністар эканамічнага разьвіцьця Матэвуш Маравецкі (Mateusz Morawiecki). 49-гадовы эканаміст напрыканцы 90-х быў сябрам каманды экспэртаў, якая вяла перамовы па далучэньні Польшчы да Эўрапейскага зьвязу. Затым ён уваходзіў у назіральныя рады дзяржаўных канцэрнаў і ўзначальваў адзін з найбуйнейшых прыватных польскіх банкаў WBK. У 2010 годзе Матэвуш Маравецкі ўвайшоў у склад дарадчай Эканамічнай рады пры папярэднім прэм’еры краіны Дональдзе Туску.

У лістападзе 2015 году, пасьля перамогі на выбарах правакансэрватыўнай партыі «Права й справядлівасьць» Маравецкі атрымаў пасаду віцэпрэм’ера. У верасьні 2016 году ён стаў міністрам эканамічнага разьвіцьця Польшчы. Новага прэм’ера называюць тэхнакратам, які вельмі добра ведае фінансавую справу й функцыянаваньне Эўрапейскага зьвязу.

Бэата
Бэата Шыдла й Матэвуш Маравецкі на ўрачыстым паседжаньні парлямэнту 5 сьнежня 2017 г. Фота: PAP/Paweł Supernak

Урад Бэаты Шыдла запомніцца палякам зьніжэньнем пэнсійнага ўзросту, а таксама ўвядзеньнем штомесячных выплат за кожнае другое й наступнае дзіця ў сям’і – так званую праграму «500+». Менавіта таму Шыдла стане віцэпрэм’ерам, адказным за сацыяльную палітыку. Пра гэта заявіў журналістам намесьнік міністра культуры й нацыянальнай спадчыны Польшчы Яраслаў Сэлін (Jarosław Sellin).

Яраслаў Сэлін: Менавіта ў галіне сацыяльнай палітыкі прэм’еру ўдалося дасягнуць найлепшых вынікаў. Думаю, што многа палякаў удзячныя Бэаце Шыдла менавіта за адважныя рашэньні ў сацыяльнай палітыцы. Гэта бачна й па тым, як людзі рэагуюць на навіну пра яе адстаўку.

Яраслаў Сэлін таксама паведаміў, што новы прэм’ер Матэвуш Маравецкі ў студзені плянуе правесьці кадравыя перастаноўкі ва ўрадзе.

Яраслаў Сэлін: Мне падаецца, што Матэвушу Маравецкаму спатрэбіцца крыху часу, каб з пэрспэктывы прэм’ера вызначыць выклікі, якія стаяць перад кожным міністэрствам. Да гэтых выклікаў трэба будзе падабраць адпаведных людзей. Таму я думаю, што працэс магчымых зьменаў ва ўрадзе зацягнецца на некаторы час і будзе адбывацца ў згодзе зь лідарам нашай партыі Яраславам Качыньскім, што зьяўляецца абсалютна натуральным.

Лідары парлямэнцкай апазыцыі са скепсісам ацанілі прызначэньне прэм’ера-тэхнакрата. Кіраўнік лібэральнай партыі Nowoczesna.pl («Сучасная Польшча») Рышард Пэтру (Ryszard Petru) заявіў, што на пасадзе міністра эканамічнага разьвіцьця Матэвуш Маравецкі не дасягнуў посьпехаў.

«Ён абяцаў, што ня будзе павышаць падаткаў, але іх павысіў на 5 мільярдаў злотых (1,25 мільярды эўра). Замест таго, каб прыватызаваць, нацыяналізаваў польскія банкі. Ён спакушаў нас хуткаснымі цягнікамі, дронамі, размаўляў пра космас. Аднак міністар збыўся, што на ўсходзе Польшчы мы надалей маем праблемы з элемэнтарнай сеткай дарогаў», – цытуе Рышарда Пэтру польскае інфармацыйнае агенцтва PAP.

На думку лідара лібэралаў, кіроўная партыя «Права й справядлівасьць» мяняе галаву польскага ўраду, каб павялічыць сваю папулярнасьць у шэрагах сярэдняга клясу, а таксама каб палепшыць адносіны з Эўрапейскім зьвязам.

Адзін з лідараў апазыцыйнай партыі «Грамадзянская плятформа» Рафал Тшаскоўскі (Rafał Trzaskowski) назваў зьмену ва ўрадзе «імітацыяй». Ён заявіў што ўсе важныя рашэньні й так будзе прымаць шэф кіроўнай партыі «Права й справядлівасьць» Яраслаў Качыньскі.

«Прэм’ер Маравецкі ня будзе лепшы за Бэату Шыдла толькі з-за таго, што ведае ангельскую мову й будзе лепш абараняць нашыя інтарэсы ў Эўрапейскім зьвязе. Ведаць ангельскую мову – замала. Трэба мець паўнамоцтвы што-небудзь сказаць на гэтай мове», – заявіў Тшаскоўскі.

Польскі парлямэнт павінен зацьвердзіць новы склад ураду ў аторак. Як падае інфармацыйнае агенцтва PAP, Эўрапейская камісія ўжо павіншавала Матэвуша Маравецкага з прызначэньнем на пасаду прэм’ера.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт