Італія паварочвае ў бок Расеі
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
05.06.2018 16:54
Новы прэм'ер-міністар Італіі сказаў, што яго ўрад будзе імкнуцца перагледзець санкцыі.
Фота мае ілюстрацыйны характар.
Фота Bruno/flickr.com.Bruno/flickr.com
Новы прэм'ер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ сказаў, што яго ўрад будзе імкнуцца перагледзець санкцыі ў дачыненьні да Расеі, і зьмяніць правілы іміграцыйнай палітыкі ЭЗ.
Прафэсар Контэ выступіў з прамовай у парлямэнце. Прэмʼер-міністар падкрэсьліў, што яго ўрад не зьяўляецца ні левым, ні правым, ён хоча служыць грамадзянам. «У мяне няма палітычнага вопыту, я грамадзянін, які бярэ на сябе адказнасьць за ажыцьцяўленьне ўрадавай праграмы», – зазначыў Контэ.
Кіраўнік ураду абяцаў годную зарплату для бедных і беспрацоўных і рэфармаваньне падатковай сыстэмы. Гаворачы аб міжнароднай палітыцы, ён падкрэсьліў, што месца Італіі ў Атлянтычным саюзе і што прывілеяваным партнэрам краіны застаюцца Злучаныя Штаты Амэрыкі, але абвясьціў таксама пра адкрыцьцё на Расею і пра жаданьне перагледзець санкцыі, ад якіх пакутуе расейскі народ.
Джузэпэ Контэ падкрэсьліў: «Эўрапейскі Зьвяз зьяўляецца нашым домам». Пры гэтым ён заявіў, што іміграцыйная палітыка ЭЗ аказалася беспасьпяховай і павінна быць неадкладна зьменена.
яс