Міліцыя забрала тэхніку ў гарадзенскіх журналістаў
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
24.07.2018 09:58
Ператрусы адбыліся ў рамках праверкі па дзьвюх справах – праца без акрэдытацыі й абраза.
Алесь Дзянісаў і Аляксей КайрысФота: Беларуская асацыяцыя журналістаў
Гарадзенская міліцыя правяла ператрусы ў журналістаў-фрылансераў Алеся Дзянісава й Аляксея Кайрыса, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам «Белсат».
Паводле інфармацыі прэс-службы Беларускай асацыяцыі журналістаў, Дзянісава й Кайрыса затрымалі 23 ліпеня людзі ў цывільным. Больш за дзьве гадзіны хлопцы прабылі ў пастарунку, пасьля чаго адбыліся ператрусы ў іх дома.
Ператрусы скончыліся позна ўвечары. У Кайрыса міліцыянты забралі тры камп'ютары, тэлефон і цьвёрды дыск з флэшкамі, у Дзянісава – відэакамэру, тэлефон ды іншую тэхніку.
Паведамляецца, што ператрусы адбыліся ў рамках праверкі па дзьвюх справах – праца без акрэдытацыі й абраза.
Хутчэй за ўсё гаворка ідзе пра абразу кіраўніка ўчастку абслугоўваньня УЖРЭП Ленінскага раёну Горадні Сьвятланы Жылінскай. Яна згадвалася ў сюжэце «Белсата» ад 20 красавіка 2018 года пад назвай «Жыхары інтэрната: «Заходзіш зь дзіцём у душ – там ляжыць здохлы пацук!».
эўрарадыё/вс