Сёлета будзе адзначацца 220-годзьдзе з дня нараджэньня Адама Міцкевіча. Вялікі польскі паэт нарадзіўся на Наваградчыне — на тэрыторыі сёньняшняй Беларусі. У мясьцінах, дзе ён прыйшоў на сьвет і гадаваўся, дзейнічаюць два музэі — у Наваградку і Завосьсі. Цяпер там рыхтуюцца да гадавіны.
Яшчэ ў 1920 годзе ў доме ў Наваградку, дзе нарадзіўся Міцкевіч, пачалі ствараць музэй паэта.
Але яго адкрыцьцё адбылося толькі ў 1938 годзе.
У 1941 годзе падчас ваенных дзеяньняў будынак быў разбураны. Была зьнішчана большая частка экспанатаў. Аднавілі музэй толькі к 1955 году.
У 1989-1990 гадах віленскае аддзяленьне польскай фірмы Budimex за беларускія сродкі правяло рэканструкцыю сядзібы Міцкевічаў: быў адноўлены дом паэта паводле ўзору пачатку ХІХ ст., рэканструяваны іншыя будынкі. Тут у 1992 годзе адкрылася новая экспазыцыя, створаная сумесна супрацоўнікамі наваградзкага музэя і варшаўскага Музэя літаратуры імя А. Міцкевіча.
Цяперашнія выставачныя залі атрымалі свой выгляд у 2001 годзе.
Турысты, у т.л. з Польшчы, ля Дома-музэя Адама Міцкевіча ў Наваградку Фота: Mickiewicz.museum.by
З 2000 г. дырэктарам Установы культуры «Дом-музэй Адама Міцкевіча ў Наваградку» зьяўляецца Мікалай Гайба. Экскурсіі тут праводзяцца на беларускай, расейскай, польскай, нямецкай і ангельскай мовах. Сярод замежных турыстаў пераважаюць палякі.
Мікалай Гайба: Штогод у музэі бывае больш за 20 000 наведвальнікаў. Зь іх палова — гэта замежныя турысты і пераважна з Рэспублікі Польшча. Звычайна гэта пэнсіянэры. Многія зь іх нарадзіліся на беларускай тэрыторыі і потым па розных прычынах апынуліся ў Польшчы. Гэта г. зв. настальгічны турызм. Часам і людзі, якія ў Наваградку нарадзіліся, прыяжджаюць.
Ці ўвядзеньне Беларусьсю бязьвізавага ўезду ў краіну праз аэрапорт “Мінск” паўплывала на колькасьць наведвальнікаў музэя Міцкевіча ў Наваградку?
Мікалай Гайба: За апошнія тры гады колькасьць замежных наведвальнікаў павялічылася з 37% ад агульнай колькасьці да 50%. Цяжка сказаць, які працэнт зь іх — турысты, што па “бязьвізе” прыляцелі ў менскі аэрапорт. Часта турыстаў прывозяць менскія турфірмы. Я не ўдакладняю ў іх, якім чынам дабіраліся ў Беларусь іх кліенты.
Музэй-сядзіба Міцкевічаў «Завосьсе» Фота: Bellitmuseum.by/muzey-syadziba-mitskevichau-zavosse
У апошні час стала больш наведвальнікаў і ў Музэі-сядзібе Міцкевічаў «Завосьсе».
Гэта філіял Дзяржаўнага музэя гісторыі беларускай літаратуры.
Тут быў двор, дзе, паводле некаторых зьвестак, у ноч з 24 на 25 сьнежня 1798 года нарадзіўся Адам Міцкевіч.
У ліпені 1916 года дом, дзе нарадзіўся паэт, згарэў. Тут у 1926 г. быў устаноўлены вялікі прыгожы абэліск у гонар Міцкевіча. Ён прастаяў да сярэдзіны 90-х гадоў ХХ ст.
У 1998 годзе тут адкрыўся музэй, які ўяўляе сабой шляхецкі двор другой паловы ХVІІІ ст.
Загадчык Музэя-сядзібы Міцкевічаў «Завосьсе» Віктар Дмухоўскі расказаў, што тут таксама стала прыкметна больш гасьцей з Польшчы.
Віктар Дмухоўскі: Калі параўнаць зь мінулым годам, іх стала трошкі больш. Працэнтаў, мабыць, на 20.
Цяпер у Музэі-сядзібе Міцкевічаў «Завосьсе» завяршаюцца работы па рэканструкцыі. З моманту адкрыцьця музэйнага комплексу прайшло дваццаць год, і будынкі патрабуюць рамонту.
Віктар Дмухоўскі: Тэрыторыя наша вялікая, працы хапае. Дахі пазнасіліся. Плот валіўся. Усё гэта падымаем. Нешта новае робім. Рэканструкцыя практычна завершана. Будынкі, які былі параскрываны, накрылі. Перакрылі ўваходную браму. Будаўнікі ў нас былі зімою. За музэем хлеў быў з раскрытым дахам: яго перакрылі новым чаротам. І ў гумна страха была трошкі ветрам раскрытая, таксама будаўнікі дапамаглі накрыць.
Паводле Віктара Дмухоўскага, экспазыцыя музэя ў Завосьсі пакуль застаецца ранейшая.
Музэй-сядзіба Міцкевічаў «Завосьсе». Фрагмэнт экспазыцыі Фота: Bellitmuseum.by/muzey-syadziba-mitskevichau-zavosse
Тым часам у наваградзкім музэі Міцкевіча таксама вырашылі да 220-годзьдзя з дня нараджэньня паэта зрабіць рамонт.
Мікалай Гайба: Да сьвята ідзе рамонт даху будынка музэя, які 27 гадоў у такім выглядзе існуе. Праводзіцца рэканструкцыя тэрыторыі каля помніка Адаму Міцкевічу і інш.
Ня толькі музэй Міцкевіча, а і ўвесь Наваградак рыхтуецца да дня нараджэньня свайго земляка.
Мікалай Гайба: У музэі будзе праведзены баль. Будуць выступленьні тэатраў. Будуць літаратурна-музычныя кампазыцыі. Музэй аб’явіў конкурс на лепшыя творы, зьвязаныя з тэмай Адама Міцкевіча. Вынікі падвядзём у кастрычніку. Таксама будзе пленэр мастакоў і інш.
Працягваецца супрацоўніцтва наваградзкага музэя Міцкевіча і варшаўскага Музэя літаратуры імя Адама Міцкевіча. Варшаўскі музэй перадаў у дар наваградзкаму дзьве шафы ХІХ ст., у якіх разьмешчана бібліятэчка бацькі Адама Міцкевіча і посуд канца XVIII — пачатку ХІХ ст.
Турысты з Польшчы на сёлетніх урачыстасьцях у Наваградку і Завосьсі змогуць адчуць сябе ў рэчаіснасьці, якая максымальна набліжана да 1798 года, калі прыйшоў на сьвет Адам Міцкевіч.
Віктар Корбут
Слухайце далучаны гукавы файл