У Беларусі адбыліся перастаноўкі ва ўрадзе
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
19.08.2018 07:23
Прэм'ер-міністрам прызначаны Сяргей Румас, які ўзначальваў Банк разьвіцьця.
Foto: streaming youtube.com
Агулам ва ўрадзе зьявіліся 4 новыя віцэ-прэмʼеры і 4 міністры.
Так першым намесьнікам прэм’ер-міністра прызначаны Аляксандр Турчын, які дагэтуль кіраваў Апарату Савета Міністраў. Намесьнікам прэм’ер-міністра прызначаны Ігар Ляшэнка, які ўзначальваў канцэрн «Белнафтахім».
Намесьнікам прэм’ер-міністра таксама прызначаны Уладзімір Кухараў. Ва ўрад ён прыйшоў з пасады намесьніка старшыні КДК і будзе курыраваць пытаньні будаўніцтва, ЖКГ, транспарту. Яшчэ адным намесьнікам прэм’ера прызначаны Ігар Петрышэнка, амбасадар Беларусі ў Расеі. Ён зоймецца сацыяльнай сфэрай, будзе адказваць за ахову здароўя, адукацыю, культуру, спорт.
Сярод новых міністраў Дзьмітрый Мікулёнак, які прызначаны міністрам архітэктуры і будаўніцтва, Павел Уцюпін – міністар прамысловасьці, Канстанцін Шульган – міністар сувязі ды інфарматызацыі, і Дзьмітрый Крутой, які ўзначаліць міністэрства эканомікі.
Таксама Аляксандар Лукашэнка зьмяніў старшыню Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта. Новым кіраўніком прызначаны Раман Галоўчанка, які да гэтага быў амбасадарам у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.
Вакантнай застаецца цяпер толькі пасада міністра энэргетыкі, пасьля таго як у траўні быў звольнены тагачасны міністар Ўладзімер Патупчык.
Гэтыя зьмены ва ўрадзе беларускі кіраўнік патлумачыў тым, што сярод чынавенства пачаліся рознагалосьсі ды размовы, што «сыстэма пахіснулася». Новыя прызначэньні зробленыя, каб «сыстэма не пахіснулася». Іншай сыстэмы ў Беларусі няма, і альтэрнатывы ніхто не прапанаваў, заявіў Лукашэнка.
Паводле Белта/Радыё «Свабода»/юл