Logo Polskiego Radia
Print

Мастакі зь Беларусі і Польшчы правялі пленэр у Вільні

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 31.08.2018 10:00
  • 0831 Пленэр ТБК у Вільні.mp3
Беларускія арганізацыі Літвы пры падтрымцы ўлад Вільні правялі пленэр мастакоў зь Беларусі і Польшчы.
Работы ўдзельнікаў пленэра ў ВільніРаботы ўдзельнікаў пленэра ў Вільні

У Вільні 29 жніўня завяршыўся мастацкі пленэр Art and Vilnius 2018. Арганізатарамі мастацкай акцыі выступілі Таварыства беларускай культуры ў Літве, Асацыяцыя “Крывія” і Культурны цэнтар імя Якуба Коласа. Пленэр быў прысьвечаны 100-годзьдзю Беларускай Народнай Рэспублікі.

У мастакоў зь Беларусі і Польшчы зьявілася магчымасьць ня толькі наведаць беларускія мясьціны Вільні, але і адлюстраваць іх на сваіх палотнах. Пленэр падтрымалі ўлады літоўскай сталіцы.

Удзельнікі
Удзельнікі пленэра ў Сьвіранах

У Вільню прыехала прадстаўнічая дэлегацыя ад Беларускага саюза мастакоў: старшыня саюза Рыгор Сітніца, яго першы намесьнік Глеб Отчык, іншыя мастакі з Беларусі — Сьвятлана Баранкоўская, Сьвятлана Ўрублеўская, Тацьцяна Козік, а таксама два мастакі з польскага Падляшша — Віктар Кабац і Мірослаў Здрайкоўскі.

Удзельнічаць у пленэры былі запрошаны і літоўскія мастакі. Аднак, паводле слоў Аляксандра Адамковіча, яны не змаглі ўзяць удзел у мерапрыемстве.

Асноўнай тэматыкай пленэра быў віленскі Стары горад і беларускія мясьціны літоўскай сталіцы.

Мастакі наведалі бацькаўшчыну Францішка Багушэвіча — Сьвіраны, вёску пад Вільняй, а таксама Трокі.

Усе творы, якія былі створаны на пленэры, засталіся ў Вільні — у Таварыстве беларускай культуры ў Літве. Яны будуць выкарыстоўвацца ў культурнай рабоце таварыства. Плянуецца арганізацыя некалькіх выставак.

Работа
Работа аднаго з удзельнікаў пленэра ў Вільні

Рыгор Сітніца лічыць, што такія пленэры трэба праводзіць рэгулярна. Ён спадзяецца, што наступныя пленэры пройдуць і пры падтрымцы беларускай дзяржавы.

Аляксандар Адамковіч, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве, паведаміў, што тэмай наступнага пленэра стане беларускае жыцьцё ў Вільні ў пачатку ХХ стагодзьдзя.

Таварыства беларускай культуры ў Літве плянуе арганізаваць наступны пленэр у жніўні 2019 года. Да ўдзелу ў ім будуць запрошаны мастакі зь Беларусі, Літвы і Польшчы.

Віктар Корбут

Фота: Аляксандар Адамковіч

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт