Варшаўскі фонд “Цэнтар Карта” (Ośrodek Karta) сёлета плянуе завяршыць выданьне Dzienników Міхала Ромэра — юрыста, дзяржаўнага дзеяча, які лічыў сябе і літоўцам, і палякам, а адначасова сымпатызаваў беларусам.
Дзёньнік Міхала Ромэра — гэта ўнікальная крыніца па гісторыі Літвы, Польшчы і Беларусі першай паловы ХХ стагодзьдзя.
Ні дня без радка — такі быў прынцып жыцьця Міхала Ромэра з 1911 да 1945 года. Гэты чалавек, які быў вядомым у Вільні, а затым у Польшчы, Каўнасе юрыстам, грамадзкім дзеячам дакумэнтаваў усё, што адбывалася на яго вачах. Гэта падзеі, якія мы часта ведаем толькі па газэтных кроніках, а то і ўвогуле нідзе ня знойдзем іх апісаньня. Бо Ромэр бываў і на тайных нарадах зь вядомымі сучасьнікамі — беларусамі Янам і Антонам Луцкевічамі, Вацлавам Ластоўскім, палякам Юзафам Пілсудскім.
Ромэр быў удзельнікам падзей 1918 года, калі Польшча ішла да незалежнасьці. Ён прымаў удзел у фарміраваньні сучаснай літоўскай дзяржаўнасьці. Сучасным Польшчы і Літве сёлета спаўняецца па сто гадоў. Але ў той час гэтыя дзяржавы ўзьнікалі як ня вельмі прыязныя адна да другой, а цяпер, наадварот, яны шчыльна супрацоўнічаюць.
У пачатку ж ХХ стагодзьдзя на вачах Ромэра ў Вільні разгортваліся розныя нацыянальныя рухі — літоўскі, польскі, беларускі, і ў кожным ён прымаў удзел.
Агнешка Кныт, рэдактар выдавецтва фонда “Цэнтар Карта”: Беларускае пытаньне ў сваіх дзёньніках Міхал Ромэр закранаў пераважна напярэдадні Першай сусьветнай вайны, калі жыў ідэяй краёвасьці, лічачы, што беларусы, літоўцы, палякі, габрэі — усе маюць месца на адной зямлі. Таму Ромэр круціўся сярод гэтых нацыянальнасьцей, спрабаваў наладзіць супрацоўніцтва, каб разам змагацца за незалежнасьць — супраць расейскага акупанта.
Ромэр бываў на спатканьнях беларусаў, таму вельмі дакладна апісвае іх асяродзьдзе, апісвае іх палітычныя ідэі.
Ён адзначаў, што беларускае асяродзьдзе самае слабае сярод усіх, зь якімі ён падтрымліваў сувязі. Там была вялікая праблема з нацыянальнаю ідэнтычнасьцю. І па гэтай прычыне менш за ўсё беларускае пытаньне Ромэр закранаў у сваіх дзёньніках. Польскі і літоўскі рух былі значна мацнейшыя.
У гісторыі Беларусі, Літвы і Польшчы вядомы браты Іваноўскія зь Лідзкага павета. Адзін зь іх — Вацлаў стаў “бацькам” беларускага руху, Тадэвуш пайшоў у літоўскі, яшчэ два браты лічылі сябе палякамі. У асобе ж Міхала Ромэра дзіўным чынам спалучаліся дзьве нацыянальныя ідэнтычнасьці — і літоўская, і польская.
Агнешка Кныт Фота: Agnieszka Knyt (асабісты архіў)
Агнешка Кныт: Міхал Ромэр нарадзіўся ў памешчыцкай сям’і, якая лічыла сябе польскай. Гэта сям’я мела нямецкія карані, але ў пэўны момант палянізавалася і ў ёй панаваў глыбокі польскі патрыятызм.
Міхал Ромэр трохі адышоў ад сваёй сям’і. Ён піша пра тое, што не пагаджаўся са сваім бацькам.
Ромэр быў носьбітам г. зв. ідэі краёвасьці. Сам сябе акрэсьліваў і як паляка, і як літоўца, меў падвойную польска-літоўскую ідэнтычнасьць. Хаця гэта, мабыць, ня самая дакладная характарыстыка. Бо, як ён сам пісаў, лічыў сябе і палякам, і літоўцам. Ён лічыў, што ўсе народы на Віленшчыне павінны стварыць агульную для ўсіх дзяржаву. І называў гэту тэрыторыю “краем”, адсюль і ідэя краёвасьці.
Аднак Першая сусьветная вайна прывяла да таго, што гэта частка Эўропы атрымала іншы выгляд. Узьніклі незалежныя Літва і Польшча.
А ідэя краёвасьці заняпала. Але Міхал Ромэр жыў ёю ўвесь час. Для яго было вялікай пакутай, што не ўдалося дасягнуць сваёй мэты. Пазьней, у канцы 1920-х гадоў, ён пісаў пра сябе як пра апошняга з магікан, які вызнаваў гэту ідэю.
Усё, што адбылося, было для яго асабістай паразай. Бо ён лічыў, што ўсе народы на гэтай тэрыторыі могуць суіснаваць. Але рост нацыяналізму ў 1920-1930-я гады, антысэмітызм, а ўрэшце Другая сусьветная вайна канчаткова перакрэсьлілі надзеі Ромэра.
Міхал Ромэр памёр у 1945 годзе. У той час у Літве зноў ўсталёўвалася савецкая ўлада. У Польшчы таксама да ўлады прыйшлі камуністы. У Беларусі аднавіўся лад, які існаваў да вайны.
Тое, што праз пяцьдзясят гадоў на карце сьвету зноў зьявіцца незалежная Літва, Польшча вызваліцца ад пут камунізму, а ў дадатак будзе ўтворана беларуская дзяржава, Міхал Ромэр ня мог ні марыць, ні здагадвацца. Аднак ён быў упэўнены, што менавіта так і павінна быць: кожны з народаў павінен мець права на самастойнае існаваньне.
Аднак ідэя Ромэра ўсё яшчэ не рэалізавалася. Па-ранейшаму Беларусь ад Польшчы і Літвы аддзяляе граніца, якая адначасова адмяжоўвае Беларусь ад рэшты Эўропы. У той жа час Польшча і Літва маюць празрыстую граніцу, актыўна супрацоўнічаюць.
Часткова ўсё ж ідэі Ромэра ажыцьцяўляюцца. Ён мог толькі марыць, што яго дзёньнікі будуць выдадзены вядучымі вучонымі дзьвюх краін.
Чацьвёрты том Dzienników Міхала Ромэра, апублікаваных у верасьні 2018 г. выдавецтвам Karta Фота: Ośrodek Karta
Агнешка Кныт: Гэты праект, які мы ажыцьцяўляем разам з Інстытутам гісторыі Літвы, Бібліятэкай АН Літвы імя Ўрублеўскіх, Бібліятэкай Віленскага ўнівэрсытэта, якія прадставілі нам рукапісы дзёньнікаў Ромэра. Далучыліся і польскія вучоныя. Дзякуючы гэтаму публікуецца жывая гістарычная крыніца, якая тлумачыць нашу агульную гісторыю.
10 кастрычніка ў палацы Тышкевічаў-Патоцкіх, што на тэрыторыі Варшаўскага ўнівэрсытэта (ul. Krakowskie Prrzedmieście 32) з удзелам вучоных і дыпляматаў з Польшчы і Літвы адбудзецца прэзэнтацыя чатырох з шасьці тамоў Dzienników Міхала Ромэра, выданьне якога павінна быць завершана да канца гэтага года.
Віктар Корбут
Слухайце далучаны гукавы файл
Афіша навуковай канфэрэнцыі ў Варшаўскім унівэрсытэце, прымеркаванай да прэзэнтацыі 10 кастрычніка 2018 г. Dzienników Міхала Ромэра