Logo Polskiego Radia
Print

У Касіна адкрылі помнік мядзьведзю Войтэку

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 15.05.2019 17:27
Такім чынам Польшча пачынае адзначаць 75-ю гадавіны бітвы пад Монтэ-Касіна.
tvp.info

На плошчы ў цэнтры італьянскага мястэчка Касіна адкрылі помнік мядзьведзю Войтэку. Такім чынам Польшча пачынае адзначаць 75-ю гадавіны бітвы пад Монтэ-Касіна.

Мядзьведзь у час вайны дапамагаў польскім жаўнерам 2 корпуса насіць боепрыпасы падчас бітвы за Монтэ-Касіна. Урачыстае адкрыцьцё помніка адбылося ў прысутнасьці ўпаўнаважанай ўраду Польшчы па справах міжнароднага дыялёгу Анны Марыі Андэрс.

Помнік мядзьведзю Войтэку мае паўтары мэтра вышыні, ён зроблены з белага мармуру. На дошцы зьмешчаны надпіс: "У гонар мішкі Войтэка, прыяцеля жаўнераў, які верна служыў у Корпусе генэрала Ўладыслава Андэрса».

Прадстаўнік мясцовых італьянскіх уладаў падкрэсьліў, што за вызваленьне Італіі аддалі сваё жыцьцё многія палякі, якія здабывалі Монтэ-Касіна.

У сваю чаргу Анна Марыя Андэрс сказала, што яна прыехала ў асноўным як дачка генэрала Андэрса. Яна падкрэсьліла, што заўсёды моцна перажывае кожны візыт у Касіна: «Усе вэтэраны для мяне як сям'я. Я многіх ведала з маіх дзіцячых гадоў. Тут пахаваныя мае бацькі. Італія й Касіна мне вельмі блізкія», – сказала Анна Марыя Андэрс.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт