Logo Polskiego Radia
Print

Г.Бураўкіну - 75 год (фота)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 28.08.2011 16:02
  • Бураўкін.mp3
Г. Бураўкін: Быкаў некалі казаў, што пражыць нават 30 гадоў – ужо шчасьце…


/


Паэту Генадзю Бураўкіну спаўняецца 75 гадоў. Ці лёгкім быў ягоны шлях, ці шчасьлівае асабістае жыцьцё, якім ён уяўляў сябе ў такім ўзросьце – у нашай “юбілейнай” гутарцы.


Як Вы лічыце, ці лёс літасьціва да Вас ставіўся, ці бывалі моманты, калі Вы не разумелі, за што Вам гэтыя непрыемнасьці?


Генадзь Бураўкін: Моманты бывалі, але я лічу, што лёс да мяне ставіўся ўсё-ткі больш-менш спагадліва. Ён мне дазволіў многае з таго, што я хацеў бы зрабіць. Я маю на ўвазе й той пэрыяд, калі я працаваў галоўным рэдактарам “Маладосьці” й друкаваў рэчы, якія застануцца назаўсёды ў гісторыі беларускай літаратуры. Я маю на ўвазе й няпросты, складаны, цяжкі нават пэрыяд, калі я ўзначальваў Дзяржаўны камітэт па тэлебачаньні й радыёвяшчаньні, калі мы разам з калектывам працавалі над стварэньнем нацыянальнай тэлевізійнай праграмы, што пасьля, як кажуць, было растаптана. Я маю на ўвазе й той час, калі я жыў у Нью-Ёрку й быў прадстаўніком сувэрэннай Беларусі пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Калі хто думае, што гэта так лёгка – хадзі там, раскланьвайся, усьміхайся, на прыёмах чокайся, дык гэта няпраўда. Акрамя гэтага, ёсьць яшчэ й рабочая непрыкметная глыбінная справа – сьцьверджаньне самастойнасьці краіны, сьцьверджаньне адчуваньня, што ты роўны сярод іншых.


Спадар Генадзь, Вы гаворыце, што былі ў Вашым жыцьці й крыўдныя моманты. А ўвогуле Вы крыўдлівы чалавек? Вы шмат на каго крыўдавалі? Хто Вас найбольш пакрыўдзіў у гэтым жыцьці?


Генадзь Бураўкін: Крыўдлівы-някрыўдлівы… Ну, нешта мне было крыўдна, на некага я трымаў прэтэнзію ў душы, але лічу, што я чалавек някрыўдлівы. Я эмацыйны, рэзкі, але, як кажуць, “адходчывы” – ёсьць такая ў народзе фармулёўка. Я адыходжу хутка ад сваіх дрэнных эмоцый. Самае дарагое й важнае для мяне зьвязана ня з крыўдамі й прэтэнзыямі, а з роднымі й блізкімі людзьмі, з разуменьнем мяне, зь іх падтрымкаю ды зь іх вернасьцю.


Рэдка якому журналісту шанцуе ў асабістым жыцьці. Вам відаць у сямейным жыцьці не як журналісту, а як паэту пашчасьціла…


Генадзь Бураўкін: Бясспрэчна! Відаць, уся разгадка ў тым, што мы з маёй жонкаю, з маёю мілай Юляй сустрэліся наіўнымі, сьветлымі. Закахаліся. У нас не было нейкага жаданьня нешта там правяраць, выпрабоўваць. Мы маладымі людзьмі сыйшліся вельмі рана – у нас вельмі мілыя слаўныя дзеці, мілыя слаўныя ўнукі – ажно чацьвёра. І самае вялікае нашае зь Юляй шчасьце, што й дзеці, і ўнукі – нашыя аднадумцы. Яны аднолькава з намі думаюць пра тыя рэчы, што адбываюцца ў жыцьці.


Калі Вам было гадоў дваццаць ці троху болей, якім Вы сябе ўяўлялі ў 75 год?


Генадзь Бураўкін: Ды я ня думаў, што дажыву да такога! Некалі Васіль Быкаў – мы зь ім сядзелі й споведна гутарылі – мне сказаў, маўляў, ведаеш, вось на фронце калі б мне нехта сказаў, што я дажыву да 30-ці год, я б падумаў, што гэта ўнікальнае шчасьце, выпадак амаль нерэальны! А зараз мы з табою сядзім, мне ўжо 60 год (гэта было за сталом юбілейным)… Божа мой, мне ўжо 60! А тыя хлопцы, зь якімі я ў акопах быў, зь якімі я адбіваў гэтыя атакі фашысцкія – яны ў 20, 25, 22 гады загінулі…Ён кажа, я нават не ўяўляў, якім я магу быць… І я таксама нават не ўяўляў, якім я магу быць у 75 год. Тое, што я пражыў 75 год – гэта цудоўна, я ўдзячны за гэта Богу. Калі Бог даў мне магчымасьць пражыць 75 год, значыцца, Ён лічыць, што я яшчэ магу нешта добрае, карыснае для народа, для зямлі, для Бога зрабіць. Ёсьць і адчуваньне адказнасьці, шкадаваньня, што ня ўсё, што мог бы зрабіць, удалося зрабіць. І яшчэ вось: 75, а ўнутранае – не фізычнае, фізіялягічнае – адчуваньне, што яшчэ ты можаш нешта, яшчэ ў табе нешта нявыкарыстанае, няспраўджанае ёсьць... Дай жа Божачка, каб гэта было ня проста наіўнае трызьненьне, наіўнае жаданьне, а каб гэта была рэальнасьць.


Мы гутырылі з паэтам Генадзем Бураўкіным, якому споўнілася 75 гадоў.


Арцём Багданаў, Менск

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт