Для каго ксёндз Завальнюк напісаў “асуджальны” зварот?
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
05.01.2012 12:43
Ксёндз адрэагаваў на “падзеі 19 сьнежня”: асуджае малітоўныя зборы пад касьцёлам, але ў той джа час не забараняе маліцца.
У рукі вернікаў патрапіў зварот да парафіянаў, напісаны й агучаны пробашчам менскага касьцёла Сьвятых Сымона й Алены Уладыславам Завальнюком. Ліст напісаны “з нагоды падзей, якія адбыліся каля нашага касьцёла 19.12.2011 году”. У звароце не згадана, якія канкрэтна падзеі тады прайшлі, але, відавочна, што ксёндз мае на ўвазе гвалтоўны разгон акцыі ля сьценаў Чырвонага касьцёла.
Нагадаем, 19 сьнежня людзі вырашылі паўтарыць маршрут шэсьця, якое прайшло ў дзень мінулых прэзыдэнцкіх выбараў. Некалькі соцен людзей сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, прайшлі да плошчы Незалежнасьці й паставілі зьнічкі на прыступках Чырвонага касьцёла ды арганізавалі супольную малітву. Амапаўцы пачалі хапаць людзей наўпрост пад дзьвярыма касьцёла, пад суды трапіла болей за 40 чалавек. Тым ня меньш, у звароце ксёндза няма асуджэньня гвалтоўных дзеяньняў міліцыі, але ёсьць ускоснае асуджэньне ўдзельнікаў малітоўнай акцыі.
Сайт Westki.info прыводзіць вытрымку са зварота Завальнюка: “Я прашу вас не паддавацца заклікам людзей з па-за касьцёла й не дапускаць пры нашым Храме ніякіх сходаў, якія не зьвязаныя са Сьвятою Імшою ці з малітваю. Гэтыя людзі не маюць аніякага дачыненьня да веры, Бога й Касьцёла й хацелі б выкарыстаць нас у сваіх мэтах”.
Парафіяне публічна яшчэ не выказвалі сваёй рэакцыі на зварот пробашча, але вядома, што ўнутры касьцёла з гэтай нагоды ўжо пачаліся рознагалосьсі. Адныя лічыць, што падобны зварот зьяўляецца вымушаным кампрамісам паміж касьцёлам і спэцслужбамі, якія моцна ціснуць на касьцёльныя структуры. Іншыя выказваюць думку, што касьцёл ні ў якім разе ня можа іссці на супрацу зь дзяржаваю насуперак вернікам.
У любым выпадку, штодзённыя малітвы ля Чырвонага касьцёла працягваюцца. Прыняць удзел у іх можа кожны, хто прыйдзе а 20 гадзіне да помніка арханёлу Міхаілу.
Арцём Багданаў, Менск