Logo Polskiego Radia
Print

Л. Кавалёва: Улады зьнішчылі ўсе ўлікі па справе выбуху ў мэтро

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 25.01.2012 03:16
  • В.Стэфановіч і Л.Кавалёва ў Брусэлі.mp3
Любоў Кавалёва й праваабаронца Валялнцін Стэфановіч сустрэліся з дэпутатамі Эўрапарлямэнту.

Беларускія ўлады ўжо зьнішчылі ўсе ўлікі па справе тэракту ў менскім мэтро – заявіла ўчора на сустрэчы з дэпутатамі Эўрапарлямэнту Любоў Кавалёва. Маці асуджанага на сьмерць Ўладзіслава Кавалёва просіць Эўразьвяз зрабіць усё магчымае, каб дабіцца ўвядзеньня ў Беларусі мараторыю на выкананьне сьмяротнага пакараньня.

Учора ў Эўрапейскі парлямэнт былі запрошаныя Любоў Кавалёва, намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, а таксама расейскія праваабаронцы Юры Джыбладзэ ды Вольга Захарава, якія зьяўляюцца сябрамі Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Абмяркоўваліся дзьве тэмы: дапамога ў вызваленьні палітвязьняў ды сьмяротнае пакараньне ў Беларусі.

Суд не прадставіў ніякіх доказаў віны Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва, акрамя іх прызнаньня, выбітага сілай – заявіла маці асуджанага на сьмерць Любоў Кавалёва. Згодна з рашэньнем суду ўсе улікі былі зьнішчаныя. Гэта было зроблена, каб замесьці сьляды падтасоўкі справы – перакананая Любоў Кавалёва.

Фота:
Фота: svaboda.org

Л. Кавалёва: Зьнішчаныя ўсе доказы: вопратка Дзімы Канавалава, лаўка ў мэтро, ў якую была закладзеная бомба, вагон, які пацярпеў ад выбуху, расейская сім-карта “Мегафон”... Адзінае, што засталося – гэта змантаванае відэа ды самі хлопцы, сьведкі сфабрыкаванай справы. На іх павесілі ўсе злачынствы за 6 гадоў. Калі вынесены такі несправядлівы прысуд, прычым прысуд сьмяротны, то гэта яўна ўказвае на тое, што прыбіраюцца ўсе сляды, усе ўлікі.

Любоў Кавалёва заклікала эўрапейскіх палітыкаў зрабіць усё, каб дамагчыся ад Менску перагляду справы яе сына і ўвядзеньня мараторыю на выкананьне сьмяротных прысудаў.

Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ня проста дрэнная. Яна становіцца з кожным днём ўсё горшай – заявіў у Эўрапарлямэнце вядомы расейскі праваабаронца Юры Джыбладзэ. Пры гэтым каля 30 набліжаных да Лукашэнкі прадпрымальнікаў спакойна робяць бізнэс у Эўропе й актўна падтрымліваюць яго рэжым. Юры Джыбладзэ лічыць мэтазгодным пашырыць санкцыі Эўразьвязу на “фінансістаў” Лукашэнкі. Калі сытуацыя бузе пагаршацца далей, то прымусіць Менск паважаць правы чалавека могуць санкцыі супраць нафтахімічнага сэктару – лічаць расейскія праваабаронцы.

Эўразьвяз, аднак, асьцерагаецца ўводзіць санкцыі. Адна з прычынаў – страх за лёс 14 беларускіх палітвязьняў, а таксама асуджаных ў вельмі сумнеўным працэсе Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва. Каб вызваліць з-за кратаў Алеся Бяляцкага ды іншых зьняволеных, Эўропа павінна дзейнічаць больш прынцыпова – лічыць праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Фота:
Фота: spring96.org

В. Стэфановіч: Мне падаецца, што візавыя санкцыі, якія на сёньняшні дзень існуюць – неэфэктыўныя. Яны ня могуць зьмяніць сёньняшняга становішча. Я лічу, што Эўразьвяз павінен займаць у адносінах да беларускіх уладаў вельмі прынцыповую пазыцыю. Летам мінулага году была сытуацыя, калі Эўразьвяз мог больш прынцыпова паставіцца й дамагчыся поўнага, а не частковага вызваленьня палітвязьняў. Аднак беларускія ўлады выпусьцілі толькі некаторых зь іх, а пазьней сталі прывычна чакаць, што Эўропа “адваліць” ім грошай, бо яны іх вельмі патрабавалі. Патрабавалі з-за таго, што па віне ўраду ў краіне пачаўся эканамічны крызыс.

У панядзелак Эўразьвяз вырашыў не абвастраць адносінаў зь Менскам і не ўключаць у “чорны сьпіс” новых беларускіх функцыянэраў. Аднак на Менск гэта не падзейнічала. Апэляцыя Алеся Бяляцкага была ўсё роўна адхілена.

В. Стэфановіч: Няўрадавыя арганізацыі пачалі кампанію па зборы сродкаў на пагашэньне “шкоды” нібыта нанесенай Алесем Бяляцкім. Грошы былі сабраныя і выплачаныя, але Менскі гарадзкі суд, як мы бачым, пакінуў прысуд бязь зьменаў.

Маці асуджанага на сьмерць Уладзіслава Кавалёва завершыла свой выступ у Эўрапейскім парлямэнце заклікам: “Прашу вас дапамагчы, бо сёньня ў Беларусі ніхто не абаронены ад несправядлівага прысуду”.

Аляксандар Папко, Брусэль

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт