Фота: financialblog.ru
Эўразьвязу трэба асвоіцца з думкай, што Беларусь згубіць рэальную незалежнасьць. Да такой высновы прыйшлі вядомыя польскія экспэрты, ўдзельнікі дыскусіі аб прычынах і наступствах дыпляматычнага крызысу, які выбухнуў нядаўна паміж Менскам і Брусэлем.
Чаму Менск так востра адрэагаваў на ўключэньне ў сьпіс неўязных чарговых беларускіх чыноўнікаў? Ці пойдзе Лукашэнка на далейшае абвастрэньне адносінаў паміж Менскам і Брусэлем? Якая будучыня чакае Беларусь? На ўсе гэтыя пытаньні спрабавалі адказаць вядучыя польскія экспэрты, запрошаныя на дыскусію “Польшча й Беларусь: дыпляматычны скандал на 20-годзьдзе двухбаковых адносінаў”.
Высылка амбасадараў Польшчы й Эўразьвязу не была нэрвовай рэакцыяй Лукашэнкі на пашырэньне сьпісу неўязных – перакананы экспэрт Цэнтру ўсходніх дасьледваньняў Каміль Клысіньскі. Лукашэнка сьвядома стварае канфлікт, каб “прадаць” яго Расеі й атрымаць узамен новыя субсыдыі й крэдыты – кажа экспэрт.
К. Клысіньскі: У абарону гэтай думкі магу прывесьці два факты. У гэтым годзе Лукашэнка заявіў, што беларуская армія адстае ад расейскай у пляне заробкаў. Узьнікла ўражаньне, што ён просіць ў Расеі грошы на павышэньне зарплатаў уласным жаўнерам. Міністар абароны Жадобін ўдакладніў, што Расея павінна ўзнагародзіць Беларусь эканамічнымі прэфэрэнцыямі за пасьпяховае вайсковае супрацоўніцтва. У той самы час віцэ-прэм’ер Румас заявіў, што Расея й Казахстан павінныя заняць супольную пазыцыю па пытаньні эўрапейскіх й амэрыканскіх санкцыяў супраць Беларусі. Такія рэчы не адбываюцца выпадкова. Менск вядзе гульню.
У дадатак, набліжэаюцца парлямэнцкія выбары – прыгадаў Каміль Клысіньскі. Каб павялічыць сваю падтрымку, Лукашэнка пераконвае грамадзтва ў зьнешняй пагрозе, а на ролю ворага прызначае Польшчу.
Да дыпляматычнай вайны з Эўропай Лукашэнку магла падштурхнуць Масква – мяркуе дасьледчык Цэнтру міжнародных дасьледваньняў Войцех Бародзіч-Смаліньскі.
В. Бародзіч-Смаліньскі: Гэтая сытуацыя можа быць ня поўнасьцю арганізаванай Лукашэнкам, а падказанай яму Масквой. Калі Лукашэнка згубіць усе кантакты з Захадам, Расея будзе мець найлепшую пазыцыю ў перамовах наконт прыватызацыі, будовы атамнай электрастанцыі, праектаў далейшай інтэграцыі беларускай арміі з расейскай, кантролю над паветранай прасторай. Акрамя таго ёсьць праекты па пашырэньні супрацоўніцтва паміж спэцслужбамі. Беларусь на нашых вачах губляе незалежнасьць. Хутчэй за ўсё, Беларусь захавае ўрад, свае пашпарты, сьцяг, але рэальна будзе поўнасьцю залежаць ад Расеі.
Ці можа Эўразьвяз перацягнуць Беларусь у бок Эўропы? Не – кажуць экспэрты. Дзеля гэтага трэба было б даць Лукашэнку больш грошай, чым яму дае Масква. Пашырыць жа кантакты зь беларускім грамадзтвам Эўропа таксама ня можа: перамовы па візах ня хоча весьці Менск. Ён жа не дазваляе адчыніць больш консульстваў Польшчы, каб тыя выдавалі больш візаў.
Ці будзе канфлікт паміж Эўразьвязам і Беларусьсю пагаршацца? Так – мяркуе Каміль Клысіньскі
К. Клысіньскі: Я лічу, што Лукашэнка будзе біць далей. Набліжаюцца выбары, а яму ўжо няма чаго губляць, акрамя экспарту нафтапрадуктаў да Эўразьвязу. Лукашэнка ніколі ня будзе абвастраць сытуацыю да ўвядзеньня эканамічных санкцыяў. А яно можа наступіць толькі тады, калі ён пачне страляць у людзей ці выкідваць з краіны ўсіх замежнікаў. Так што будуць працягвацца прапагандысцкія антызаходнія атакі, скіраваныя ў першую чаргу супраць Польшчы. Можа быць, будуць стварацца праблемы для дыпляматычных прадстаўніцтваў. Аднак лягчэй за ўсё біць сваіх. Апазыцыянэрам будуць ствараць праблемы на мяжы й намякаць, што з кожным разам праблемы будуць большыя.
Пры гэтым, нельга абсалютна выключыць і іншага варыянту. Лукашэнка можа зноў захацець палепшыць стасункі з Захадам і прапусьціць у парлямэнт некалькіх апазыцыянэраў – лічыць Войцех Бародзіч-Смаліньскі. Аднак на такі вырыянт разьвіцьця падзеяў спадзяваньняў менш.
І Эўразьвяз, і беларусы павінныя быць маральна падрыхтаваныя да таго, што Беларусь страціць незалежжнасьць, аднак пры гэтым не апускаць рукі – кажа кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.
А. Зарэмбюк: На вялікі жаль, мы мусім пагадзіцца з тым, што Беларусь страчвае незалежнасьць – у першую чаргу эканамічную. Мы, беларусы, павінныя зразумець, як з гэтым жыць. А што тычыцца Эўразьвязу, я вельмі не хацеў бы, каб ён перастаў кантактаваць зь беларускім грамадзтвам і ўладамі й пачаў дамаўляцца толькі з Масквой. Сытуацыя зьмяняецца вельмі хутка. Мы ня ведаем, што будзе праз 5 гадоў. Таму трэба падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць. Трэба, каб у момант пераменаў эўрапейцы мелі партнэраў. Імі сёньня застаюцца грамадзянская супольнасьць і беларускія дэмакратычныя партыі.
Эўразьвязу трэба стварыць пастаянную стратэгію ў стасунку да Беларусі, а ня проста спарадычна рэагаваць на праблемы, якія ўзьнікаюць, кажа Алесь Зарэмбюк. Стратэгія павінная складацца з пастаянных мэтаў, да рэалізацыі якіх імкнецца Эўропа – незалежна ад таго, добрыя стасункі паміж Менскам і Брусэлем ці не, і нават незалежна ад таго, мае Беларусь рэальную незалежнасьць ці ня мае.
Аляксандар Папко