«Беларусь – у Эўропу!» - заклікаў былы прэм'ер Польшчы.
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
12.05.2012 16:58
Тадэвуш Мазавецкі выступіў перад удзельнікамі Параду Шумана, прымеркаванага да Дня Эўропы.
Фота: PAP
Фота: PAP
У трынаццаты раз па вуліцах Варшавы прайшло шэсьце, прымеркаванае да сьвята Эўропы. Яно называецца Парад Шумана ў гонар аднаго з заснавальнікаў эўрапейскай інтэграцыі, францускага міністра замежных справаў Рабэра Шумана.
Праз цэнтар Варшавы ў рознакаляровых касьцюмах, са сьцягамі й музычнымі інструмэнтамі прайшлі сотні студэнтаў і школьнікаў з розных гарадоў Польшчы, а таксама моладзь з Украіны й Даніі. З плятформаў, якія цягнулі грузавікі, гралі ды-джэі, па вуліцах таксама маршыраваў духавы аркестар.
На жаль, сёлетні парад моцна папсавала надво’е. Зраніцы ў Варшаве ліў дождж. Перад удзельнікамі Параду Шумана выступілі эўракамісар Януш Левандоўскі ды першы прэм’ер дэмакратычнай польшчы Тадэвуш Мазавецкі.
Пад аплядысмэнты публікі ён вітаў тых, хто змагаецца за дэмакратыю ў Беларусі ды Ўкраіне. “Украіну й Беларусь – у Эўропу! Гэтыя краіны павінны выбраць эўрапейскі шлях”, - заклікаў Тадэвуш Мазавецкі.
PAP/ап