Logo Polskiego Radia
Print

Стэрыльнасьць прыводзіць да алергіі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 07.08.2015 09:00
  • Стэрыльнасьць прыводзіць да алергіі.mp3
Сёньняшняе грамадзтва замяніла эпідэмію брудных рук на эпідэмію чыстых рук.
fot. mcfarlandmo/Wikimedia Commons/CC

Людзі перабольшылі з чысьцінёй і сталі паддавацца на алергены. Бытавая хімія й дызэнфэкцыя прычыніліся да таго, што ў нашым атачэньні захавалася няшмат бактэрый. А адсутнасьць кантакту зь імі перашкаджае чалавеку ўтвараць ахоўны бар’ер.

Пра алергію, яе прычыны й спосабы змаганьня зь ёй мы размаўляем з алерголягам прафэсарам Баляславам Самаліньскім. Ён адзначае, што ў эўрапейскай папуляцыі самымі алергеннымі парамі году зьяўляецца вясна й першая палова лета. Гэта вынікае з таго, што пераважная колькасьць палякаў мае алергію на травы й дрэвы. Ёсьць аднак і круглагоднія алергіі. Кожны чацьвёрты паляк мае алергію на кляшчоў хатняга пылу, а амаль кожны чацьвёрты на травяную пыльцу, прыкладна кожны 5-6 на бярозу. Ацэньваецца, што ў Польшчы нават 40% папуляцыі мае розныя праявы алергіі, але хварэе менш.

Складаецца ўражаньне, што раней не было ажно столькі алергікаў, а можа гэта вынік дрэнных дыягназаў? У чым справа – пытаньне да спэцыяліста.

Б. Самаліньскі: Гэта надзвычай цікавая справа, паколькі колькасьць алергіяў вырасла з 1% да 40%. Гэта фэномэн цывілізацыі. Мы, як гатунак, вельмі моцна адрэагавалі на зьмены навакольнага асяродзьдзя. Значна мацней, чым іншыя прадстаўнікі жывёльнага сьвету. Чалавек стаў вельмі моцна рэагаваць на ўсё, што вакол яго адбываецца. Таксама гэта чалавек найбольш памяняў сваё атачэньне. Напэўна гаворка пра рост забруджаньня паветра выхлапнымі газамі. Але таксама людзі памянялі стыль жыцьця. Мы вельмі моцна клапоцімся пра асабістую гігіену. Зь першых дзён нараджэньня гігіена становіцца адной з асноўных задач кожнай маці й службы здароўя. У выніку мы вельмі мала кантактуем з натуральным асяродзьдзем.

Прафэсар адзначае, што яшчэ нядаўна невядома было адкуль усё гэта бярэцца. Сытуацыя памянялася ў моманце, калі разьвілася такая галіна як эпігенэтыка. Гэта навука, якая тлумачыць, як навакольнае асяродзьдзе ўплывае на нашы гены. Аказалася, што ня толькі ўплывае на гены, але гены запісваюць усе зьмены. У выніку наступныя пакаленьні пачынаюць пераймаць рысы, якія раней у сям’і не выступалі. І адной з найчасьцейшых стала алергія. Паводле нашага госьця, сярод усіх цывілізацыйных хвароб – алергія самая цывілізацыйная.

Б. Самаліньскі: Алергія праяўляецца ўжо ў першых месяцах жыцьця, а самымі галоўнымі зьяўляюцца першыя тры гады. Іншыя цывілізацыйныя хваробы праяўляюцца пасьля 5-7 году жыцьця. Мы навучыліся спраўляцца зь інфэкцыйнымі хваробамі, а калісьці яны былі вельмі распаўсюджаныя й небясьпечныя. Але паявіліся новыя хваробы, а алергія, можна сказаць, на першым месцы.

Прафэсар кажа, што ў першых трох гадах жыцьця дзеці выхоўваюцца ў стэрыльных умовах, мала кантактуюць з натуральным асяродзьдзем, а таму не ўмеюць спраўляцца з алергенамі. Сучаснае грамадзтва зрабіла незвычайную рэч – замяніла хваробу брудных рук хваробай чыстых рук.

Б. Самаліньскі: Калі б я меў раіць бацькам, у якіх у сям’і выступае алергія, то раіў бы выхоўваць дзіця ў натуральным атачэньні. Гэта ня значыць, што яно не павінна хадзіць па лесе. Дасьледаваньні паказваюць, што калі ў дзіцяці алергія не праявілася, то яго трэба трымаць у месцах, дзе выступаюць алергены – на траве, побач з катамі, сабакамі. Але калі алергія выступіла, то трэба пазьбягаць гэтыя месцы, бо алергены звычайна выклікаюць хваробу.

Яшчэ да нядаўняга часу лічылася, што алергічныя тэсты можна рабіць не раней, чым ад трэцяга году жыцьця. Цяпер іх можна рабіць у кожным узросьце. Аднак найлепш яны выходзяць паміж 3 і 50 годам жыцьця.

Ці алергія можа памяняцца, а нават зьнікнуць?

Б. Самаліньскі: Так звычайна адбываецца. У першых гадах жыцьця (1-3) пераважная колькасьць дзяцей мае алергію на прадукты. 90% дзяцей губляе гэтую алергію, але ўзамен паяўляецца алергія на пыльцу травы, бярозы й кляшчэй хатняга пылу. Новыя дасьледаваньні паказваюць, што калі нехта мае алергію на адзін алерген, то гэта ня так небясьпечна й звычайна стабільна. У сваю чаргу калі нехта рэагуе на некалькі алергенаў, то дынаміка зьмен большая, а хвароба праходзіць складаней.

Дзякую за размову.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт