КДБ: запісаў Кавалёва няма
PR dla Zagranicy
Karolina Rusinowicz
28.05.2012 14:55
Любоў Кавалёва на працягу ўжо некалькіх месяцаў безвынікова дабіваецца ад СІЗА КДБ вярнуць ёй запісы сына.
Ні ў сьледчым ізалятары Камітэта дзяржаўнай бясьпекі, ні ў самм КДБ няма запісаў Уладзіслава Кавалёва, пакаранага сьмерцьцю ў сакавіку гэтага года за саўдзел у тэрарызме, заявіў агенцтву „БелаПАН” начальнік цэнтра інфармацыі й грамадскіх сувязяў КДБ Аляксандр Антановіч.
Нагадаем, маці расстралянага Любоў Кавалёва на працягу ўжо некалькіх месяцаў безвынікова дабіваецца ад СІЗА КДБ вярнуць ёй запісы сына.
Пасьля выкананьня сьмяротнага прыгавору Кавалёва атрымала па пошце зь СІЗА КДБ пакет зь яго асабістымі рэчамі. Аднак жоўтая папка, зь якой Уладзіслаў хадзіў на паседжаньні суда, аказалася пустой.
"З гэтай папкай ён быў на судзе, там знаходзіліся запісы, зробленыя ім падчас суда й пасьля, калі яны з адвакатам знаёміліся з судовай справай для напісаньня касацыйнай скаргі. Улад вельмі прасіў, каб гэтыя запісы захавалі", — заявіла Любоў Кавалёва два месяцы таму.
Яна мяркуе, што ў запісах сына маглі згадвацца нейкія парушэньні ва ўтрыманьні ў СІЗА і таму іх канфіскавалі.
"Але я не атрымала ніякіх дакументаў аб тым, напрыклад, што запісы сына былі зьнішчаныя ў законным парадку", — сказала маці пакаранага.
Аляксандр Антановіч таксама заявіў, што ў КДБ няма даверанасьцей, якія, паводле слоў Кавалёвай, Уладзіслаў разам з адвакатам адмыслова складалі для таго, каб маці магла дзейнічаць ад імя сына.
Такія даверанасьці, як паведамлялася раней, складаліся двойчы. Ніводнай зь іх Кавалёва не атрымала.
кр/БелаПАН