Logo Polskiego Radia
Print

У Беларусі лічаць птушак

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 02.01.2013 15:13
У Беларусі 1 студзеня стартавала нацыянальная кампанія па зімовым уліку птушак.

Яе арганізатарамі выступаюць грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) і Навукова-практычны цэнтар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах. Як паведаміў дырэктар АПБ Віктар Фянчук, мэта традыцыйнай акцыі — прыцягнуць увагу беларусаў да назіраньня за птушкамі й іх праблем. У мерапрыемстве могуць узяць удзел усе ахвотныя. Для гэтага неабходна ў любы дзень студзеня выйсьці на вуліцу населенага пункта або выехаць на прыроду й палічыць усіх сустрэтых птушак. Можна зрабіць кармушку для птушак, што аблегчыць назіраньне за імі. Інфармацыю аб відах птушак, іх колькасьці й месцазнаходжаньні да лютага прапаноўваецца выкласьці на сайце АПБ www.ptushki.org. Як адзначыў Фянчук, зімовыя дні назіраньня за птушкамі арганізуюцца ў Беларусі ўжо больш чым 10 гадоў. У ходзе іх выяўляюць цікавыя факты зімоўкі рэдкіх відаў птушак, іх тэрытарыяльнага разьмеркаваньня, а таксама месцы максымальнай канцэнтрацыі птушак. Паводле слоў дырэктара АПБ, у студзені 2012 года ў зімовых назіраньнях за птушкамі ўзялі ўдзел больш чым 2 тыс. жыхароў Беларусі, якія выявілі больш чым 60 відаў птушак.

БелаПАН/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт