Супраць ушчыльненьня жылой забудовы
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
04.04.2013 17:49
Менчукі аб'ядноўваюцца супраць ушчыльненьня жылой забудовы сталіцы
Для эфэктыўнай барацьбы з ушчыльненьнем жылой забудовы, абароны зялёных насаджэньняў і экалягічнага сытуацыі ў Менску групы жыхароў сталіцы вырашылі аб’яднацца. Пра гэта абвясьцілі на прэс-канфэрэнцыі 4 красавіка лідары мясцовых ініцыятыў зь Менску.
Як адзначыў грамадзкі актывіст Дзяніс Кобрусеў, падпісаны мэмарандум не абвяшчае стварэньня якойсьці арганізацыі, якая патрабуе дзяржаўнай рэгістрацыі, таму што зносіны грамадзкіх ініцыятыў з органамі мясцовай улады «замацаваныя канстытуцыйна». «Задача мэмарандуму — у аб’яднаньні людзей для ўзаемадапамогі, абмену досьведам у зносінах з чыноўнікамі і павелічэньні ўплыву мясцовых жыхароў», — растлумачыў сп. Кобрусеў.
Актывісты прапануюць гарадзкім уладам стварыць грамадзка-кансультацыйную раду пры камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму з уключэньнем у склад прадстаўнікоў мясцовых ініцыятыў.
Акрамя таго, актывісты маюць намер зьвярнуцца ў Адміністрацыю прэзыдэнта. Пра ўсе свае захады аб’яднаньне мясцовых ініцыятыў Менску будзе інфармаваць грамадзкасьць праз СМІ.
БелаПАН /эб