Віцебск: суд за „чарнобыльскі” пікет - пасьля 6 траўня
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
01.05.2013 14:00
Супрацоўнікі міліцыі шукаюць другога ўдзельніка „чарнобыльскай” акцыі - Віталя Каваленку.
Супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол на чальца КХП-БНФ Яна Дзяржаўцава, нібыта за несанкцыянаванае пікетаваньне й заявілі, што 6 траўня ўсе дакумэнты будуць накіраваныя ў Кастрычніцкі райсуд.
30 красавіка Яна Дзяржаўцава выклікалі ў пастарунак, апыталі пра ягоны ўдзел у акцыі супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі ды склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаваньне.
„Я сказаў міліцыянтам, што гэта не было пікетам. Бо мы не высоўвалі ніякіх палітычных лёзунгаў, ні да чаго не заклікалі. А што я супраць будаўніцтва АЭС на беларускай зямлі — дык я гэтага не хаваю. І лічу, што маю права на свабоду выказваньня свайго меркаваньня”, - сказаў Ян Дзяржаўцаў.
26 красавіка Ян Дзяржаўцаў выйшаў у цэнтар Віцебску, каб нагадаць землякам пра ўгодкі Чарнобыльскай трагедыі, разам са сваім аднапартыйцам Віталем Каваленкам — родным братам актывіста Сяргея Каваленкі. З паўгадзіны яны стаялі каля помніка Пятру Машэраву з плякатамі „Будаваць АЭС бяз згоды народу можа толькі вораг Беларусі” й „Дыктатар, пабудуеш Астравец — пажнеш Чарнобыль”.
Калі актывісты ўжо згарнулі плякаты, каб перайсьці ў іншае месца, да іх пад’ехала міліцэйская машына. Разгорнутых плякатаў супрацоўнікі міліцыі ўжо не засьпелі, і таму толькі папярэдзілі актывістаў , калі тыя ўсё ж разгорнуць свае плякаты. Службовец-відэаапэратар зьняў гэта на відэа, і потым міліцэйскі патруль праводзіў Яна Дзяржаўцава і Віталя Каваленку да прыпынку грамадзкага транспарту.
Нягледзячы на адсутнасьць доказаў супраць Дзяржаўцава, на яго склалі пратакол. Міліцыянты сказалі, што было шмат сьведак-мінакоў, і што доказам будуць таксама й фотаздымкі, разьмешчаныя на інтэрнэт-сайтах.
Цяпер супрацоўнікі міліцыі Кастрычніцкага раёну Віцебску шукаюць другога ўдзельніка „чарнобыльскай” акцыі, Віталя Каваленку, каб і на яго скласьці пратакол.
svaboda.org/аз